ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 1 снежня 2021
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 верасня 2021, 15:18

Вялікабрытанія вярнулася да ідэі будаўніцтва новай АЭС

Праект АЭС Hinkley Point. Фота edfenergy.com
Праект АЭС Hinkley Point. Фота edfenergy.com

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брытанскі ўрад вярнуўся да ідэі будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, каб знізіць залежнасць ад паставак электраэнергіі на фоне ўласных планаў дабіцца да 2050 года нулявога выкіду парніковых газаў антрапагеннага паходжання. Аб гэтым паведаміла газета Times, інфармуе ТАСС.

Як гаворыцца ў артыкуле, урад вядзе перагаворы з амерыканскай кампаніяй Westinghouse наконт падрыхтоўкі прапановы ў рамках шматмільярднага праекта аб узвядзенні рэактара на востраве Англсі, размешчаным на паўночным захадзе Уэльса. Магутнасці новай АЭС хапіла б, каб забяспечыць электрычнасцю больш як 6 млн дамоў, а запушчана яна магла б быць у сярэдзіне наступнага дзесяцігоддзя.

З 1971 года на востраве Англсі дзейнічала АЭС "Уілфа" з двума энергаблокамі. Яна была канчаткова выведзена з эксплуатацыі ў 2015 годзе.

У верасні 2020 года японская карпарацыя Hitachi прыняла рашэнне адмовіцца ад праекта будаўніцтва рэактара на месцы АЭС "Уілфа" з-за цяжкасцей з інвестыцыямі і сітуацыі з пандэміяй. Сам праект быў прыпынены ў пачатку 2019 года з-за інвестыцыйных цяжкасцей. Тады Hitachi так і не змагла знайсці неабходныя сродкі для рэалізацыі плана, кошт якога ацэньваўся ў памеры $27,5 млрд.

Цяпер у графстве Сомерсет на паўднёвым захадзе Англіі ўжо вядзецца будаўніцтва АЭС Hinkley Point, а ўзвядзенне атамнага рэактара Sizewell у графстве Сафалк знаходзіцца на этапе планавання.

Усяго ў краіне дзейнічае 15 рэактараў, на долю якіх прыпадае каля 17 працэнтаў у энергетычным балансе Злучанага Каралеўства. Аднак у бліжэйшыя гады гэты паказчык будзе зніжацца на фоне запланаванага спынення работы шэрага рэактараў.

Паводле інфармацыі Times, брытанскія міністры ўсё больш занепакоены тым, што дзеючыя праекты ў галіне атамнай энергетыкі не дадуць магчымасці поўнасцю забяспечыць нацыянальнае энергаспажыванне, улічваючы амбіцыйныя планы ўрада па рэзкім скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу. Улады ўзялі курс на скарачэнне аб'ёму выкіду парніковых газаў у 2019 годзе, распрацаваўшы праграму пад назвай "Чысты нуль". Мяркуецца, што каралеўства паэтапна будзе пераходзіць на такія спосабы вытворчасці і вядзення жыццядзейнасці, пры якіх шкодныя выкіды ў атмасферу будуць няўхільна змяншацца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі