
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Косава ўжо адправіліся падмацаванні НАТА ў складзе 700 ваеннаслужачых. Аб гэтым паведаміў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, паведамляе ТАСС.
Генеральны сакратар НАТА адзначыў, што адпраўленне ваенных у Косава не азначае адмовы ад мірнага ўрэгулявання канфлікту ў рэгіёне. Паводле яго слоў, альянс падтрымлівае перагаворы паміж Бялградам і Прышцінай пад эгідай Еўрасаюза.
Раней Столтэнберг заяўляў, што акрамя адпраўкі 700 ваенных са свайго аператыўнага рэзерву НАТА павысіць узровень гатоўнасці яшчэ аднаго батальёна, каб ён мог быць адпраўлены ў Косава ў выпадку неабходнасці. Ён таксама паведаміў, што ў ходзе сутыкненняў раненні атрымалі 30 ваенных кантынгенту НАТА.
Сітуацыя ў сербскіх муніцыпалітэтах на поўначы Косава і Метохіі абвастрылася 26 мая, калі спецназ косаўскай паліцыі заняў адміністрацыйныя будынкі ў муніцыпалітэтах Звечан, Зубін-Потак і Лепасавіч. Сілавікі спрабавалі забяспечыць уступленне на пасады кіраўнікоў муніцыпалітэтаў, якія перамаглі на выбарах, што байкатавала сербскае насельніцтва. 29 мая Сілы НАТА для Косава (KFOR) ачапілі будынкі адміністрацый, каля якіх пачаліся пратэсты мясцовых жыхароў, што ў далейшым перараслі ў сутыкненні.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч паведаміў, што ў выніку сутыкненняў пацярпелі 52 сербы, трое з іх атрымалі цяжкія раненні. Кіраўнік Мінабароны краіны Мілаш Вучавіч 29 мая заявіў, што армія Сербіі прыведзена ў павышаную баявую гатоўнасць у сувязі з сітуацыяй у Косаве і Метохіі, а яе падраздзяленні размешчаны ўздоўж адміністрацыйнай лініі з аўтаномным сербскім краем.-0-