
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Балгарскія ўлады прызналі, што прынятае імі рашэнне аб адмове аплачваць пастаўкі расійскага газу ў рублях магло быць паспешным. Аб гэтым заявіў кіраўнік Мінэнерга Балгарыі Аляксандр Нікалаў, паведамляюць "Известия".
Паводле яго слоў, краіны ЕС павінны дзейнічаць разам. Таму, калі ў Еўрапейскай камісіі заявілі, што аплата расійскага газу ў рублях парушае санкцыі, Балгарыя прыняла рашэнне не згаджацца на патрабаванні расійскага боку. Разам з тым застаецца незразумелым, як трактаваць санкцыі ў гэтай сітуацыі ў адносінах да дзяржкампаній і прыватных карпарацый.
Аляксандр Нікалаў заявіў, што балгарскі ўрад плануе абмеркаваць з Еўрапейскай камісіяй пытанне адпаведнасці патрабаванняў Расіі плаціць за газ у рублях заходнім санкцыям.
Кіраўнік Мінэнерга таксама адзначыў, што цяпер няма вострай неабходнасці адмаўляцца ад разлікаў у рублях за пастаўкі блакітнага паліва.
У мінулым месяцы расійскі холдынг "Газпрам" праінфармаваў, што пастаўкі газу Балгарыі поўнасцю спынены з-за адмовы краіны плаціць за газ у расійскіх рублях.-0-