
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты жодзінскага "Тарпеда-БелАЗа" з лікам 1:0 перамаглі на выездзе мазырскую "Славію" ў першым паядынку паўфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча на полі мазырскага стадыёна "Юнацтва" прайшла ў невысокім тэмпе, і балельшчыкі ўбачылі толькі адзін гол. Яго ў самым пачатку другой палавіны гульні забіў нападаючы тарпедаўцаў Валерый Гарбачык, які выйшаў на замену.
Паядынак у адказ адбудзецца 10 мая ў Жодзіне. Сёння ў Гродне барацьбу за выхад у фінал пачнуць футбалісты мясцовага "Нёмана" і фіналісты мінулага кубкавага турніру барысаўскі БАТЭ.
Вырашальны паядынак 32-га розыгрышу Кубка Беларусі адбудзецца 28 мая на полі галоўнай спартыўнай арэны краіны - мінскім стадыёне "Дынама". У фінальным матчы мінулага сезона футбалісты "Гомеля" з лікам 2:1 абыгралі БАТЭ.-0-