
13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная шасэйная велагонка "Тур Беларусі" стартавала ад вяслярнага канала ў Брэсце. Пераможцам пралога стаў Яўген Каралёк з велаклуба "Мінск", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння апоўдні ўдзельнікі гонкі адправяцца на першы этап - з Брэсцкай крэпасці ў Белавежскую пушчу. Заўтра пройдзе індывідуальная гонка з раздзельным стартам, а ў пятніцу велагоншчыкі пераадолеюць самы працяглы маршрут - 202 км з Камянца ў Слонім. У суботу пройдзе чацвёрты этап, а 17 ліпеня спаборніцтвы завершацца кальцавой гонкай па Навагрудку працягласцю 134 км.
У бягучым годзе разам з лепшымі беларускімі веласіпедыстамі ў "Туры Беларусі" прымаюць удзел зборныя Расіі і Узбекістана. Яшчэ адна навацыя сезона - павелічэнне прызавых намінацый. Калі раней разыгрываліся званні пераможцаў агульнага, ачковага, маладзёжнага і каманднага залікаў, то цяпер да іх будуць дададзены намінацыі "Лепшы горны гоншчык" і "Самы актыўны гоншчык".-0-