
23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія хакеісты Цімафей Каўгарэня і Ягор Клаўдзіеў падпісалі двухбаковыя пагадненні з мінскім "Дынама", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сталічнага клуба.
19-гадовы Цімафей Каўгарэня ў цяперашнім сезоне гуляў за "Дынама-Шыннік" у Маладзёжнай хакейнай лізе, у 23 матчах за "баброў" абаронца атрымаў 12 (4+8) рэзультатыўных балаў. Раней Каўгарэня таксама выступаў за "Мінскіх зуброў", "Дынама-Маладзечна" ў экстралізе і "Спокан Чыфс" у WHL.
Ягор Клаўдзіеў пачынаў бягучы сезон у салігорскім "Шахцёры", у 19 гульнях за які набраў 3 (2+1) ачкі. Затым 19-гадовы нападаючы перабраўся ў "Дынама-Шыннік" і ў 3 матчах МХЛ запісаў на свой рахунак 3 (0+3) балы. Акрамя таго, у форварда ёсць вопыт гульні ў Паўночнай Амерыцы за "Седар Рэйпідс" (USHL) і "Летбрыдж Харыкейнс" (WHL). У сезоне 2020/21 Клаўдзіеў выступаў за "Мінскіх зуброў" і "Дынама-Маладзечна".
Наступны матч у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ сталічнае "Дынама" правядзе заўтра ў чарапавецкай "Поўначсталі". Сустрэча стартуе ў 17.00.-0-