Сцяг Нядзеля, 26 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 сакавіка 2024, 16:14

Трэнер хакейнай зборнай Беларусі U16: на гульні "Дзеці Прымор'я" мы ехалі за перамогай

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі сярод ігракоў не старэйшых за 16 гадоў Дзмітрый Яворскі пракаменціраваў выступленне каманды на І зімовых міжнародных спартыўных гульнях "Дзеці Прымор'я", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Турнір па хакеі ў фармаце 3х3 у рамках гульняў з 19 па 22 лютага прымала "Фетысаў-Арэна" ва Уладзівастоку. На групавым этапе зборная Беларусі U16 абыграла каманды Сахалінскай вобласці (7:6) і Амурскай вобласці (13:0), а таксама прадстаўнікоў кітайскай акругі Цыцыкар (12:0). У чвэрцьфінале нашы спартсмены былі мацнейшымі за равеснікаў з Узбекістана (6:0), у паўфінале перамаглі хакеістаў Хабараўска (4:3). Фінальны матч беларусаў супраць каманды Прыморскага края завяршыўся перамогай гасцей з лікам 4:0.

"На ўваходжанне ў зборную было каля сарака кандыдатаў. З іх у выніку былі адабраны 11 чалавек, якія валодаюць тымі якасцямі, якія, на наш погляд, павінны былі прынесці вынік. Перад паездкай ва Уладзівасток быў трохдзённы збор у Мінску, дзе мы данеслі да дзяцей нашы патрабаванні, што хацелі б бачыць ад іх на турніры. Удзельнічаць у спаборніцтвах без мэты перамагчы бессэнсоўна, мы ехалі туды за перамогай у кожным матчы. Адштурхоўваліся ад гульні да гульні, прасілі канцэнтравацца на камандных дзеяннях", - расказаў Дзмітрый Яворскі.

Паводле яго слоў, перад турнірам каманда і штаб не мелі глабальнага ўяўлення аб будучых саперніках. "Тым не менш мы цудоўна разумелі, што будзем гуляць супраць адной з вядучых хакейных дзяржаў свету, дзе слабых рэгіёнаў няма. Задаволены першым месцам, дзеці заслужылі яго сваім стаўленнем да працы і вялікім прафесіяналізмам у такім маладым узросце. Вядома, я не заўсёды быў задаволены гульнёй, перад кожным матчам мы звярталі ўвагу на памылкі і штосьці выпраўлялі, каб зрабіць наш хакей больш якасным. Немагчыма ўсё рабіць ідэальна, заўсёды трэба імкнуцца наперад і развівацца", - дадаў ён.-0-

Фота Дзяніса Касцючэнкі, НАК Беларусі
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі