Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 красавіка 2024, 10:34

Сталі вядомы ўсе пары першага раўнда плэй-оф НХЛ

Фота Pixabay
Фота Pixabay
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завершаны рэгулярны чэмпіянат Нацыянальнай хакейнай лігі сезона-2023/24, па выніках якога ў плэй-оф выйшлі па восем лепшых каманд Заходняй і Усходняй канферэнцый, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Уладальнікамі Прэзідэнцкага кубка за перамогу ў рэгулярным сезоне сталі хакеісты "Нью-Ёрк Рэйнджэрс", якія набралі 114 ачкоў у 82 матчах чэмпіянату. У першым раўндзе плэй-оф "рэйнджэры" згуляюць з "Вашынгтонам", за які выступае беларускі нападаючы Аляксей Протас. На другім месцы Усходняй канферэнцыі размясцілася "Фларыда", якую чакае дэрбі штата супраць "Тампы-Бэй". Яшчэ дзве пары першага раўнда склалі "Бостан" і "Таронта", а таксама "Караліна" і "Нью-Ёрк Айлендэрс".

Табліцу Захаду па выніках "рэгуляркі" ўзначалілі хакеісты "Даласа", на старце плэй-оф "зорак" чакае сустрэча з дзеючымі чэмпіёнамі НХЛ з "Вегаса". Лепшы канадскі клуб сезона "Ванкувер" пастараецца выбіць "Нэшвіл", таксама адразу ў першым раўндзе сустрэнуцца адны з галоўных прэтэндэнтаў на трафей у асобе "Вініпега" і "Каларада". Яшчэ адну пуцёўку ў паўфінал Заходняй канферэнцыі разыграюць "Эдмантан" і "Лос-Анджэлес".

З беларускіх ігракоў удзел у плэй-оф прыме толькі Протас, які ў 78 матчах за "Вашынгтон" атрымаў 29 (6+23) рэзультатыўных балаў. Усяго на лёд у гэтым сезоне НХЛ выходзілі чатыры нашы ігракі. Лепшым беларускім бамбардзірам за адзін чэмпіянат стаў форвард "Калгары" Ягор Шаранговіч, які набраў 59 (31+28) ачкоў за 82 гульні.

У актыве яго партнёра па камандзе Ільі Салаўёва 10 паядынкаў і 3 (0+3) балы. "Калгары" заняў на Захадзе 11-е месца, адстаўшы ад топ-8 на 17 ачкоў. Яшчэ адзін беларус Уладзіслаў Калячонак, які выступаў за "Арызону", правёў 5 гульняў і набраў 4 (1+3) балы. "Каёты", якія фінішавалі на Захаде 13-мі, з наступнага сезона зменяць месца прапіскі з Арызоны на Юту.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі