ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 28 студзеня 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 лістапада 2020, 16:05

Спорт заўсёды быў і застаецца па-за палітыкай - зварот беларускіх атлетаў да грамадскасці

Кацярына Карстэн. Фота НАК Беларусі
Кацярына Карстэн. Фота НАК Беларусі

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі адбылося падпісанне звароту вядомых беларускіх атлетаў, чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў да грамадскасці і міжнароднай супольнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У цырымоніі прынялі ўдзел алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Майсейкаў (Барселона, 1992 год), Яніна Правалінская-Карольчык (Сідней, 2000 год), Аляксей Абалмасаў (Пекін, 2008 год), Кацярына Карстэн (Атланта, 1996 год і Сідней, 2000 год), Сяргей Булыгін (Сараева, 1984 год).

У звароце беларускія спартсмены заклікаюць айчынную і міжнародную грамадскасць пачуць іх і ўспомніць, што спорт заўсёды быў і застаецца па-за палітыкай. "Наш абавязак - не выступаць з палітычнымі заклікамі, а перамагаць на спартыўных арэнах, радуючы сваімі дасягненнямі нашых балельшчыкаў! На працягу доўгіх гадоў суверэннай гісторыі нашай краіны мы абаранялі сімвалы і колеры беларускага сцяга. Мы не хочам мяняць дзяржаўную сімволіку, пазбаўляцца гонару выступаць пад сцягам роднай краіны і не мець магчымасці падымацца на п'едэстал пад гукі беларускага гімна! Нам ёсць чым ганарыцца! Без перабольшання Беларусь жыве спортам. Наша краіна мае багатую гісторыю ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях: чэмпіёнамі і прызёрамі галоўных стартаў чатырохгоддзя ў розныя гады сталі больш за 190 спартсменаў, а нашы паралімпійцы заваявалі звыш 100 узнагарод. Акрамя спорту вышэйшых дасягненняў падтрымліваецца і развіваецца масавы і дзіцяча-юнацкі спорт. Больш за 2 млн беларусаў займаюцца фізічнай культурай і спортам. Для іх функцыянуе больш за 23 тыс. спартыўных аб'ектаў, якія становяцца пляцоўкамі буйных нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў", - гаворыцца ў дакуменце.

Аўтары звароту адзначаюць, што ўсё гэта не было б магчымым без каласальнай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, дзейнасці НАК Беларусі і нацыянальных федэрацый. "Каб захаваць усё гэта, сёння мы вымушаны гучна заявіць аб сабе з надзеяй быць пачутымі, заклікаем палажыць канец замахам на беларускі спорт звонку. Адкрытыя звароты ўдзельнікаў некаторых незаконных, псеўдаспартыўных структур, якія знаходзяцца за мяжой, на палітычныя тэмы маюць дэструктыўны характар і зневажаюць спартыўны і алімпійскі рух. Такія малалікія групы асоб не маюць права прадстаўляць інтарэсы, выказваць меркаванні і выступаць ад імя ўсіх беларускіх спартсменаў як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Мы лічым недапушчальным наўмыснае распальванне варожасці і канфліктаў рознымі маніпуляцыйнымі спосабамі падачы інфармацыі і скажэннем фактаў, якія актыўна эксплуатуюцца такімі структурамі і накіраваны на раскол спартыўнай супольнасці Беларусі, падзел спартсменаў на "сваіх" і "чужых". Мы лічым непрымальнымі і патрабуем спыніць настойлівыя заклікі да публічнага выказвання палітычных поглядаў, а таксама ўльтыматыўныя прапановы далучыцца да пэўнага палітычнага меркавання", - падкрэсліваецца ў звароце вядомых беларускіх атлетаў.

Таксама яны асуджаюць спробы аказваць націск на спартсменаў, іх сем'і, дзяцей у выглядзе адкрытых зняваг і пагроз, у прыватнасці, у інтэрнэт-прасторы і сродках масавай інфармацыі, у выпадку адмовы спартсменаў выказваць навязваемае ім меркаванне або нежадання выказваць сваю палітычную пазіцыю. "Мы хочам жыць у міры і згодзе. Мы не хочам разбурыць створанае гадамі, страціць нашу краіну і будучыя спартыўныя перамогі! Мы хочам абараніць нашу мару - стаць удзельнікам, прызёрам і чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў! Для нас - гэта ўсё наша жыццё! Мы ўсе не можам заставацца абыякавымі да лёсу сваёй краіны. Давайце ўспомнім пра аб'яднальную сілу спорту!", - рэзюмуецца ў звароце.

Як чакаецца, дакумент у бліжэйшы час падпішуць многія нацыянальныя каманды па відах спорту, вядомыя і пачынаючыя атлеты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі