
17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Летнія гульні паралімпійцаў "Мы разам. Спорт" пройдуць 2-9 кастрычніка ў Сочы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.
На гульні запрошаны спартсмены Беларусі, краін ШАС, БРІКС, СНД і іншых дзяржаў. У праграму спаборніцтваў увойдуць дзевяць відаў спорту: лёгкая атлетыка, плаванне, настольны тэніс, стральба з лука, паратхэквандо, фехтаванне на калясках, футбол для асоб з захворваннем на цэрэбральны параліч, а таксама шашкі і шахматы.
Рашэнне аб арганізацыі першых гульняў "Мы разам. Спорт" было прынята пасля адхілення Міжнародным паралімпійскім камітэтам (МПК) беларускай і расійскай каманд ад удзелу ў зімовай Паралімпіядзе-2022 у Пекіне. Гэта адбылося, калі каманды былі ў Пекіне ўжо і чакалі першых стартаў. Пры гэтым за 17 гадзін да фінальнага рашэння МПК аб'явіў аб поўным допуску зборных да стартаў.
Першыя гульні "Мы разам. Спорт" прайшлі з 18 па 20 сакавіка ў Ханты-Мансійску. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі зімовых відаў спорту з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана і Расіі.-0-