Сцяг Чацвер, 23 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 лютага 2024, 13:01

Першыя зімовыя гульні "Дзеці Прымор’я" адкрыліся ва Уладзівастоку

Фота НАК
Фота НАК
19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва Уладзівастоку прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця першых зімовых гульняў "Дзеці Прымор’я", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Выступаючы на адкрыцці, прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка адзначыў, што гэтыя старты стануць важнай прыступкай для маладых атлетаў. Ён падзякаваў расійскім калегам і асабіста губернатару Прымор’я Алегу Кажамяку за запрашэнне і магчымасць для спартсменаў спаборнічаць, сябраваць і дзяліцца вопытам.

"Знамянальна, што першыя зімовыя міжнародныя гульні "Дзеці Прымор’я" праходзяць у дзясятую гадавіну правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, якія далі магутны штуршок развіццю спорту ва ўсім еўра-азіяцкім рэгіёне. Шлях у вялікі алімпійскі спорт пачынаецца з дзяцінства. Няхай гэтыя спаборніцтвы стануць прыступкай у спорт вышэйшых дасягненняў і пакладуць пачатак вашай яркай спартыўнай кар’еры", - сказаў Віктар Лукашэнка.

У склад беларускай каманды ўвайшлі 28 юных атлетаў, якія будуць змагацца за ўзнагароды ў шасці відах спорту. Сярод паслоў гульняў і праслаўленыя беларускія фрыстайлісты - алімпійскія чэмпіёны Ала Цупер і Антон Кушнір.

Першыя зімовыя міжнародныя спартыўныя гульні "Дзеці Прымор’я" прадоўжацца да 23 лютага. Акрамя беларусаў у спаборніцтвах прымуць удзел каманды з рэгіёнаў Расіі, а таксама з Узбекістана, Кітая і КНДР. Усяго ў турнірах па васьмі відах выступяць больш за тысячу дзяцей ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, якія разыграюць 31 камплект узнагарод. Спаборніцтвы прымуць арэны Уладзівастока, Арсеньева, Арцёма і Усурыйска.

У ліпені 2023 года ва Уладзівастоку былі арганізаваны першыя летнія гульні "Дзеці Прымор’я" з удзелам больш як 1,5 тыс. спартсменаў з Беларусі, Кітая і расійскіх рэгіёнаў. У медальным заліку зборная Беларусі заняла першае месца, заваяваўшы 37 узнагарод, сярод якіх 20 залатых.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі