
16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аўторак трыма матчамі ў Гродне, Брэсце і Жлобіне прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праз суткі ў экстралізе зноў змяніўся лідар - першы радок вярнуў "Нёман", які на выездзе гуляў з "Дынама-Маладзечна". Па ходзе гульні гродзенцы ўступалі з лікам 1:3, але потым адправілі ў вароты гаспадароў пяць шайбаў, што дазволіла адсвяткаваць упэўненую перамогу - 6:3. Дубль за "Нёман" аформіў Герман Паддубны, чатыры галявыя перадачы аддаў Вячаслаў Андрушчанка. У дзвюх іншых сустрэчах дня для вызначэння пераможцы асноўнага часу не хапіла. Жлобінскі "Металург" у авертайме зламаў супраціўленне аршанскага "Лакаматыва" - 3:2, аўтарам вырашальнай шайбы стаў Сяргей Кузняцоў. З такім жа лікам "Хімік" абыграў "Брэст", навапалачане былі больш дакладнымі ў серыі булітаў.
Услед за "Нёманам" у табліцы экстралігі размяшчаецца "Шахцёр": у "гарнякоў" таксама 34 балы, але меншая колькасць перамог. На пункт адстаюць ад лідараў "Юнацтва" і "Металург", у "Гомеля" і "Віцебска" па 32 ачкі. У сераду ў чэмпіянаце краіны па хакеі таксама адбудуцца тры матчы. "Гомель" прыме "Юнацтва", "Шахцёр" у Салігорску згуляе супраць "Ліды", а "Магілёў" дома сустрэнецца з "Віцебскам". Усе паядынкі стартуюць у 19.00.-0-