
2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" 2 лютага завершаць чарговую дамашнюю серыю матчаў рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сапернікам падапечных Крэйга Вудкрафта на лёдзе "Мінск-Арэны" будзе магнітагорскі "Металург" (пачатак гульні ў 19.10; прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5"). Перад гэтай сустрэчай дынамаўцы абыгралі ў Мінску кітайскі "Куньлунь" з рэзультатам 3:2 і ўступілі ніжагародскаму "Тарпеда" ў серыі пасляматчавых булітаў з лікам 2:3.
Цяпер у актыве мінскага "Дынама" 59 ачкоў пасля 58 згуляных матчаў і 8-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. На адзін бал больш у чарапавецкай "Поўначсталі", маскоўскі "Спартак" набраў 58 ачкоў. Пасля заканчэння рэгулярнага чэмпіянату КХЛ у плэй-оф выйдуць па 8 лепшых каманд з Заходняй і Усходняй канферэнцый.
Пасля сённяшняй сустрэчы "зубры" 4 лютага згуляюць у Ніжнім Ноўгарадзе з мясцовымі тарпедаўцамі, а потым вернуцца дадому і 7 лютага прымуць маскоўскіх спартакаўцаў.-0-