
4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па шахматах сярод дзяцей і падлеткаў адкрыецца ў Мінску 4 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
На працягу чатырох дзён 14 школьных каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках правядуць спаборніцтвы ў 7 тураў па швейцарскай сістэме, па выніках якіх вызначацца чэмпіён і прызёры. У склад кожнай каманды ўваходзяць па чатыры ігракі ва ўзросце да 14 гадоў, уключаючы мінімум адну дзяўчыну. Плануецца, што пераможца беларускага турніру ў пачатку чэрвеня накіруецца на міжнародныя спаборніцтвы "Белая ладдзя" ў Расію, якія пройдуць на ўзбярэжжа Чорнага мора ў Краснадарскім краі. У іх прымуць удзел каля сотні каманд з усіх расійскіх рэгіёнаў, а таксама лепшыя каманды з іншых краін.
У Беларусі турнір "Белая ладдзя" праводзіцца з 2015 года, а пачатак спаборніцтвам юных шахматыстаў быў пакладзены ў Савецкім Саюзе ў 1968 годзе. У 2021 годзе пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў стала каманда сярэдняй школы нумар 13 з Оршы, другое месца занялі прадстаўнікі рагачоўскай гімназіі, бронза дасталася шахматыстам мінскай гімназіі нумар 40.
Арганізатары турніру - Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Беларуская федэрацыя шахмат.-0-