
28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля завяршэння групавога раўнда футбольнай Лігі нацый вызначыліся карзіны жараб'ёўкі адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года, які пройдзе на арэнах Германіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Футбалісты Беларусі, якія занялі апошняе месца ў сваёй групе лігі С, трапілі ў пятую карзіну разам з камандамі Славакіі, Паўночнай Ірландыі, Кіпра, Літвы, Гібралтара, Эстоніі, Латвіі, Малдовы і Мальты. Сапернікамі гэтых зборных у кваліфікацыі Еўра-2024 будуць прадстаўнікі іншых карзін:
1 - Нідэрланды, Харватыя, Іспанія, Італія, Данія, Партугалія, Бельгія, Венгрыя, Швейцарыя, Польшча;
2 - Францыя, Аўстрыя, Чэхія, Англія, Уэльс, Ізраіль, Боснія і Герцагавіна, Сербія, Шатландыя, Фінляндыя;
3 - Украіна, Ісландыя, Нарвегія, Славенія, Ірландыя, Албанія, Чарнагорыя, Румынія, Швецыя, Арменія;
4 - Грузія, Грэцыя, Турцыя, Казахстан, Люксембург, Азербайджан, Косава, Балгарыя, Фарэрскія астравы, Паўночная Македонія;
6 - Андора, Сан-Марына, Ліхтэнштэйн.
Па выніках жараб'ёўкі, якая адбудзецца 9 кастрычніка ў Франкфурце-на-Майне, 53 удзельнікі адборачнага турніру будуць размеркаваны на 10 груп (7 груп па пяць каманд і 3 групы па шэсць каманд).
Матчы групавога этапу пачнуцца 23 сакавіка і завершацца 21 лістапада 2023 года. Прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю атрымаюць па дзве лепшыя каманды. Яшчэ тры пуцёўкі будуць разыграны ў стыкавых матчах 2024 года. Зборная Германіі вызвалена ад адборачных гульняў. Фінальны турнір 17 кантынентальнага першынства з удзелам 24 лепшых дружын Старога Свету пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня 2024 года ў дзесяці гарадах Германіі. Матч адкрыцця адбудзецца ў Мюнхене, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул прыме Алімпійскі стадыён Берліна.-0-