
30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісткі зборнай Беларусі правядуць сёння чарговы матч адборачнага турніру чэмпіянату свету 2023 года, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У сваім чацвёртым паядынку кваліфікацыйнай групы С беларускі згуляюць у Опаве з камандай Чэхіі. Гэту сустрэчу будзе судзіць брыгада сербскіх арбітраў, якую ўзначаліць Марына Вішніч. На старце адборачнага турніру падапечныя Юрыя Малеева разграмілі ў Мінску зборную Кіпра з лікам 4:1, затым таксама на сваёй арэне ўступілі віцэ-чэмпіёнкам планеты футбалісткам Нідэрландаў - 0:2, а потым у Ларнацы не змаглі адолець кіпрыётак, згуляўшы ўнічыю - 1:1. Зборная Чэхіі ў цяперашнім адборачным турніры двойчы разышлася мірам з нідэрландскай камандай - 1:1 (у гасцях) і 2:2 (дома), разграміла на сваім полі кіпрыётак - 8:0, а таксама разгромна прайграла на выездзе Ісландыі - 0:4.
Сёння футбалісткі Кіпра прымуць у сябе дома ісландак. Становішча каманд у групе С цяпер такое: Нідэрланды - 11 ачкоў (5 матчаў), Ісландыя - 6 (3), Чэхія - 5 (4), Беларусь - 4 (3), Кіпр - 1 (5).
Пераможцы дзевяці еўрапейскіх адборачных груп атрымаюць прамы пропуск у фінальную стадыю 9-га жаночага чэмпіянату свету. Каманды, якія фінішуюць другімі, у матчах плэй-оф разыграюць яшчэ дзве пуцёўкі ў Аўстралію і Новую Зеландыю, якія летам 2023 года стануць гаспадарамі планетарнага форуму, дзе ўпершыню прымуць удзел 32 каманды. У фінале ЧС-2019 у Францыі зборная ЗША заваявала сваё чацвёртае золата, перайграўшы нідэрландскіх футбалістак з рэзультатам 2:0. У гульні за бронзу шведкі з лікам 2:1 перамаглі англічанак.-0-