Сцяг Чацвер, 23 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 студзеня 2024, 10:59

Біятлон, канькі, экстрым. Спартыўны комплекс "Сялец" за выхадныя прымае больш за 300 чалавек 

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У біятлонным комплексе "Сялец" у Навагрудскім раёне праходзіць некалькі лыжных турніраў за тыдзень, у выхадныя тут прымаюць больш за 300 аматараў актыўнага зімовага адпачынку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар Навагрудскай ДЮСШ нумар 1, філіялам якой з'яўляецца спартыўны аб'ект, Віктар Літвінскі.

"Наш комплекс - адзін з некалькіх у Беларусі, дзе ёсць спецыяльнае абсталяванне для стварэння штучнага снегу, яно працуе з канца снежня, ужо на працягу 20 дзён, - расказаў Віктар Літвінскі. - Дзякуючы гэтаму сёння ў нас адкрыта і актыўна выкарыстоўваецца лыжная траса даўжынёй 1,8 км, шырынёй ад 6 да 9 м, дзе глыбіня снегу складае не менш за 1 м. Пры гэтым 95 працэнтаў покрыва на ёй - штучны снег. Тут жа абсталявана біятлоннае стрэльбішча. Гэта добрая магчымасць для спаборніцтваў, і яны ў нас праходзяць рэгулярна з самага пачатку сезона".

У канцы мінулага тыдня ў "Сяльцы" прайшоў чэмпіянат па лыжных гонках Гродзенскага УМНС з удзелам 20 каманд. У мінулыя выхадныя, 11 і 12 студзеня, тут спаборнічалі каля 150 школьнікаў, якія змагаліся за перамогу на раённым этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў "Снежны снайпер" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. 22 студзеня на трасу зноў выйдуць школьнікі - удзельнікі абласной спартакіяды па біятлоне. З 31 студзеня па 1лютага тут збяруцца каманды з усіх раёнаў вобласці - пераможцы раённых этапаў будуць спаборнічаць ужо на абласным этапе "Снежнага снайпера". 3 лютага ў "Сялец" прыедуць дарослыя спартсмены-аматары: будзе турнір сярод каманд органаў улады.

"У такім рытме спартыўна-біятлонны комплекс працуе ўвесь час, калі дазваляе надвор'е, - прадаўжае Віктар Літвінскі. - Штучны снег дапамагае падтрымліваць трасы ў добрым стане нават калі прыроднага покрыва няшмат або няма зусім. Галоўнае, каб трымалася адпаведная тэмпература".

Але не толькі спаборніцтвамі жыве "Сялец". Большую частку часу траса аддадзена юным спартсменам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы нумар 1, якая спецыялізуецца на адным відзе спорту - біятлоне. "Аўтобус забірае дзяцей непасрэдна каля варот школы ў Навагрудку і прывозіць сюды, - тлумачыць дырэктар ДЮСШ. - Наша школа выхавала нямала вядомых біятланістаў. І самая тытулаваная з іх - бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2005 года ў жаночай эстафеце, двухразовая чэмпіёнка Еўропы ў эстафеце, удзельніца Алімпійскіх гульняў 2002 і 2006 гадоў Людміла Ананька. Ганарымся Дзмітрыем Будзіловічам - як лідар спартсменаў-паралімпійцаў ён стаў уладальнікам некалькіх медалёў. Радуюць і сённяшнія выхаванцы. Лепшыя з іх цяпер удзельнічаюць у Алімпійскіх днях моладзі па біятлоне ў Раўбічах. Вядома, не ўсе яны вырастуць чэмпіёнамі, але спартыўнымі і загартаванымі людзьмі абавязкова стануць, і актыўны лад жыцця навучацца весці з малых гадоў".

Зімовы спорт захапляе не толькі дзяцей, але і вельмі многіх дарослых жыхароў Навагрудскага і суседніх раёнаў. Сама прырода спрыяе тут адпачынку на свежым паветры, і "Сялец" у гэтым цудоўны памочнік. Акрамя галоўнай трасы, у бліжэйшым лясным масіве пракладзены яшчэ дзве аматарскія, і яны таксама сёння ў выдатным стане. Для аматараў катацца на каньках - лёд на штучным вадаёме. Усе спартыўныя аб'екты з шасці гадзін вечара добра асветлены. У комплексе дзейнічае пракат спартыўнага рыштунку. Прыхільнікам экстрыму прапануюць разам з інструктарам пракаціцца на снегаходзе. Таму аматараў зімовых актыўнасцей тут заўсёды дастаткова - і ў выхадныя, і ўвечары ў рабочыя дні.

"Многія прыязджаюць сем'ямі, кампаніямі, разам з дзецьмі, - дзеліцца Віктар Літвінскі. - Нямала пастаянных наведвальнікаў - ужо са сваёй спартыўнай экіпіроўкай. Лыжы, цюбінгі, лядзянкі - усё ідзе ў ход. І гэта проста цудоўна, што ў беларускім раёне, у вёсцы ёсць такі комплекс. Таму што гэта шанц для кожнага калі не стаць прафесійным спартсменам, то падтрымліваць сябе ў добрай спартыўнай форме".

Лілія Навіцкая,
БЕЛТА.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі