
17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксей Бага не выключыў магчымасці з'яўлення ў складзе азербайджанскага футбольнага клуба "Сумгаіт" беларускіх футбалістаў. Аб гэтым ён сказаў у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.
Беларус Аляксей Бага, які стаў зусім нядаўна галоўным трэнерам азербайджанскага футбольнага клуба, што выступае ў прэм'ер-лізе футбольнага чэмпіянату Азербайджана, заявіў, што пакуль канкрэтыкі адносна прыезду ў каманду новых футбалістаў, у тым ліку і беларускіх, няма. Бага адзначыў, што цяпер у клуба добрая абойма, але ў перспектыве перамены ў складзе ён дапускае.
"Шмат футбалістаў і ў зборнай гуляе, і еўракубкі бачылі. Дастаткова вопытных хлопцаў. І, наогул, чэмпіянат у разгары, таму абойма такая ўжо сфарміравана. Застаўся другі круг да мая. Калі ўсё будзе окей, далей наша супрацоўніцтва будзе прадаўжацца. І тады, напэўна, камплектаванне будзе больш глыбокае, быльш шырокае. Тады, магчыма, з'явяцца і беларусы ў складзе", - адзначыў трэнер азербайджанскага клуба.
Аляксей Бага пацвердзіў, што кантракт падпісаны на 2,5 сезона. Таксама ў размове трэнер закрануў і матэрыяльны бок пытання.
"Хачу ўсіх супакоіць, каму гэта вельмі цікава, нічога завоблачнага ва ўмовах няма. Паўтаруся яшчэ раз, першае - быў пачуты праект, задачы, і нічога касмічнага ў плане нейкіх матэрыяльных даброт тут няма. Каму гэта вельмі цікава, папрашу супакоіцца", - сказаў Бага.
Як раней расказвалі, за сваю кар'еру футбаліста Аляксей Бага гуляў за барысаўскі БАТЭ, латвійскі "Даўгаўпілс", брэсцкае "Дынама". Ён двухразовы чэмпіён Беларусі (2002; 2006) і ўладальнік аднаго Кубка (2005/06) у складзе БАТЭ, пачынаў трэнерскую кар'еру ў Барысаве.
Трэнер зрабіў каманду БАТЭ чэмпіёнам Беларусі ў 2018 годзе, таксама за сваю трэнерскую кар'еру Аляксей Бага стаў чэмпіёнам Літвы 2020 года разам з "Жальгірысам". Потым ён трэніраваў казахстанскі "Актабэ", а мінулы сезон паспяхова завяршыў у салігорскім "Шахцёры" - каманда заваявала залатыя медалі беларускага першынства па футболе ў Вышэйшай лізе.-0-