Сцяг Чацвер, 23 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 студзеня 2024, 19:20

Адкрытае першынство Віцебскай вобласці збярэ ў Наваполацку 120 юных плыўцоў

Фота з архіва
Фота з архіва
16 студзеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Адкрытае першынство Віцебскай вобласці па плаванні пройдзе ў Наваполацку 17-19 студзеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы трэнер аддзялення плавання СДЮШАР "Нафтан", галоўны суддзя спаборніцтваў Таццяна Чачоткіна.

Спаборніцтвы асабістыя з камандным залікам прыме басейн Палаца воднага спорту "Садко" ў Наваполацку. За тры дні тут разыграюць 32 камплекты медалёў. Спартсменаў - юнакоў і дзяўчат 2006-2009 г.н. - чакаюць заплывы рознымі стылямі на дыстанцыі ад 50 м да 1,5 тыс. м, а таксама эстафеты. Дапускаюцца да спаборніцтваў плыўцы з кваліфікацыяй не ніжэйшай за 2-гі спартыўны разрад. У склад судзейскай брыгады ўвойдуць 22 чалавекі.

"Усяго дапушчана 120 чалавек. Поўныя каманды будуць з Наваполацка, Віцебска і Оршы, некалькі чалавек з Полацка і адзін з Ушачаў, - удакладніла галоўны суддзя. - Сярод удзельнікаў ёсць два майстры спорту з Віцебска - гэта прэтэндэнты на высокія месцы на рэспубліцы. І амаль 16 кандыдатаў у майстры спорту, якія прэтэндуюць у каманду. Каманда, якая будзе выязджаць у Брэст, - 24 чалавекі. На гэты момант у нас ужо 18 чалавек на ўзроўні кандыдатаў у майстры і майстроў спорту".

Адкрытае першынство па плаванні мае асаблівае значэнне для развіцця і папулярызацыі гэтага віду спорту ў Віцебскай вобласці. Вынікі спаборніцтва дазволяць даць ацэнку эфектыўнасці работы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і іншых арганізацый фізічнай культуры і спорту рэгіёна.

"Спаборніцтва стане адборачным для першынства Рэспублікі Беларусь, якое пройдзе ў Брэсце 6-10 лютага. Гэта значыць са 120 чалавек выберуць 24 лепшыя", - сказала Таццяна Чачоткіна.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі