
10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бабір Абдухолікаў прызнаны лепшым іграком футбольнага чэмпіянату Беларусі ў красавіку. Такі вынік апытання журналістаў вядучых беларускіх СМІ, якое традыцыйна праводзіць асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На стартавым адрэзку беларускага першынства 25-гадовы ўзбекскі нападаючы быў адным з лідараў мінскага "Энергетыка-БДУ" і ўзначаліў бамбардзірскую гонку, забіўшы 8 мячоў у сямі праведзеных матчах. Па выніках галасавання Бабір Абдухолікаў набраў 25 балаў з 36 магчымых. Яго канкурэнтамі былі Ягор Багамольскі ("Мінск"), Вілюм Вілюмсан (БАТЭ, Барысаў) і Максім Швяцоў ("Дынама", Мінск).
Сярод трэнераў не было роўных настаўніку лідара чэмпіянату краіны БАТЭ Аляксандру Міхайлаву. У пачатку турніру барысаўчане атрымалі шэсць вікторый у сямі праведзеных паядынках, толькі аднойчы згуляўшы ўнічыю. Акрамя трэнера БАТЭ ў спісе прэтэндэнтаў значыліся яго калегі Вадзім Скрыпчанка ("Мінск"), Арцём Чалядзінскі ("Дынама", Мінск) і Павел Раднёнак ("Энергетык-БДУ").
Становішча каманд пасля 7 тураў: БАТЭ - 19 ачкоў, "Дынама" (Мінск) - 15, "Мінск", Энергетык-БДУ" (Мінск) - па 13, "Іслач", "Слуцк", "Шахцёр" - па 12, "Славія" - 10, "Гомель", "Нёман" (Гродна) - па 9, "Тарпеда-БелАЗ" (Жодзіна) - 7, "Белшына" (Бабруйск), "Віцебск" - па 6, "Арсенал" (Дзяржынск) - 4, "Дынама" (Брэст) - 3, "Днепр" (Магілёў) - 1.
У наступным туры сустракаюцца:
13 мая "Віцебск" - "Гомель", "Тарпеда-БелАЗ" - БАТЭ,
14 мая "Энергетык-БДУ" - "Мінск", "Дынама" (Брэст) - "Белшына", "Шахцёр" - "Дынама" (Мінск),
15 мая "Іслач" - "Славія", "Слуцк" - "Днепр", "Нёман" - "Арсенал".-0-