ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 24 верасня 2020
Мінск Малавоблачна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 жніўня 2020, 12:23

Установы адукацыі павінны быць гатовы да новага навучальнага года да 25 жніўня - Петрышэнка

Ігар Петрышэнка
Ігар Петрышэнка

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Установы адукацыі павінны быць гатовы да пачатку заняткаў да 25 жніўня, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка сёння на нарадзе па пытанні падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да пачатку 2020/2021 навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да 25 жніўня неабходна далажыць кіраўніку дзяржавы аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку заняткаў. Да гэтага часу павінны быць завершаны ўсе работы па мадэрнізацыі, рамонце і добраўпарадкаванні тэрыторый, абнаўленні абсталявання, падпісанні адпаведных сертыфікатаў гатоўнасці", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Асобна віцэ-прэм'ер папрасіў далажыць аб выкананні эпідэміялагічнага рэжыму пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў цяперашніх умовах, у тым ліку аб тым, ці дастаткова ў школах дэзынфіцыруючых сродкаў. "Гэтыя пытанні павінны быць у цэнтры ўвагі і камісій пры прыёмцы ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года", - даручыў ён.

Абмяркоўвалася таксама арганізацыя харчавання вучняў. "Парадак у гэтым пытанні ва ўсіх установах адукацыі пакуль не дасягнуты. І Камітэт дзяржаўнага кантролю, і Генеральная пракуратура выяўляюць у некаторых установах праблемы, якія сталі, на жаль, чамусьці ўжо традыцыйнымі: парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы закупак, фінансавай і касавай дысцыпліны, санітарна-эпідэміялагічных норм. У новым навучальным годзе такое недапушчальна", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

На нарадзе закранулі пытанні гатоўнасці спартыўных пляцовак у школах, аб аснашчэнні спартыўным інвентаром і абсталяваннем, своечасовым выданні і дастаўцы падручнікаў, укамплектаванасці ўстаноў адукацыі кадрамі, у першую чаргу выхавальнікамі, педагогамі-псіхолагамі, сацыяльнымі педагогамі.

У гэтым годзе ў навучальныя ўстановы накіраваны 4722 маладыя спецыялісты. Ігар Петрышэнка папрасіў звярнуць увагу на стварэнне ўмоў для іх работы.

"Не павінны заставацца без увагі пытанні арганізацыі работы школьных базараў і кірмашоў, забеспячэння даступнасці, якасці і разнастайнасці асартыменту школьнага адзення і абутку, школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў", - падкрэсліў ён.

Ігар Петрышэнка таксама звярнуўся да бацькоў: "Давайце зберажом нашых дзяцей ад неабдуманых крокаў і ўчынкаў. Моладзь мае права мець сваё меркаванне. Але менавіта сваё, не навязанае звонку нейкімі сіламі, якія ўцягваюць наша маладое пакаленне ў псеўдапалітычныя гульні і ператвараюць яго ў марыянетку дэструктыўных элементаў. Каму, як не вам, хто ведае сваіх дзяцей лепш, чым хтосьці, растлумачыць ім усю дзікасць і неправамернасць таго, што адбываецца. Звярніце цяпер яшчэ больш увагі на сваіх дзяцей, родных і блізкіх, дапамажыце ім сваёй мудрай парадай і не дайце стаць на злачынны шлях".

"Дзяржава стварае для моладзі ўсе неабходныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі і самарэалізацыі. Для таго, каб маладыя людзі сталі сапраўднымі патрыётамі краіны і самі вызначалі і свой лёс, і лёс дзяржавы", - дадаў ён.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, ва ўсіх рэгіёнах краіны будзе арганізавана работа больш як 350 школьных базараў (кірмашоў).

Кошт камплекта адзення дзелавога стылю для школьнікаў 1-4 класаў складзе ад Br70 да Br231, 5-9 класаў - ад Br72 да Br283, 10-11 класаў - ад Br80 да Br303. Кошт набору школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў складае ад Br25 да Br120.

Малазабяспечаным сем'ям будзе аказана падтрымка ў выглядзе сацыяльных дапамог на набыццё адзення, абутку, школьных прылад. Дапамогу атрымаюць сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сем'і, у якіх бацькі (адзін з іх) з'яўляюцца непрацаздольнымі. Для шматдзетных сем'яў плата за падручнікі зніжаецца на 50 працэнтаў. У рэгіёнах і Мінску аб'яўлены дабрачынныя акцыі "Ад сэрца да сэрца", "Збяром партфель першакласніку", "Падары радасць дзецям", "У школу з добрым сэрцам" і інш.

У новым навучальным годзе будуць працаваць 2952 дзіцячыя сады, 2990 школ і 50 ВНУ. Плануецца, што дзіцячыя сады будуць наведваць 435,5 тыс. выхаванцаў, у школы пойдуць 1 млн 55 тыс. дзяцей, у тым ліку 114 тыс. першакласнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі