
30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Снег, моцны вецер і галалёдзіца чакаюцца ў Беларусі з 31 сакавіка па 5 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Адыходзячы сакавік запомніцца нам няўстойлівым і кантрасным надвор'ем. Вясенняе сонца часам бываем падманлівым, а цёплыя дні змяняюцца снежным і марозным надвор'ем. Менавіта так і адбылося ў Беларусі ў пачатку гэтага тыдня. Франтальныя раздзелы ад паўднёвага цыклону, якому нямецкія вучоныя далі назву Khusru, што перакладаецца з персідскага як "дастойны правіцель", вярнулі беларусам снег і зімовыя пейзажы за акном. Пад уплывам актыўных франтальных раздзелаў у краіне прайшлі ападкі рознай інтэнсіўнасці ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У большасці раёнаў былі моцныя ападкі, узмацненне ветру да моцнага парывістага, месцамі кружыла мяцеліца, адзначалася наліпанне мокрага снегу. І калі яшчэ ўчора франтальныя раздзелы захоўвалі свой уплыў пераважна па ўсходняй палавіне краіны, то сёння грэбень высокага ціску прымусіў адступіць іх за межы Беларусі. Неба ачысцілася ад аблокаў і выглянула сонца", - адзначылі ў Белгідрамеце.
Аднак ужо заўтра, паводле інфармацыі сіноптыкаў, чарговая сістэма франтальных раздзелаў з Заходняй Еўропы прынясе ў Беларусь новыя порцыі ападкаў, а тэмпература паветра вернецца ў рамкі клімату.
У пятніцу, 31 сакавіка, ноччу па заходняй палавіне краіны, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы, па поўначы з мокрым снегам. У асобных раёнах слабы галалёд, месцамі на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад мінус 6 градусаў па ўсходзе да плюс 6 градусаў па захадзе. Днём паветра прагрэецца да 3-9 градусаў, а па захадзе - да плюс 10-14 градусаў.
У суботу, 1 красавіка, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца дажджы, ноччу па паўночным усходзе з мокрым снегам. Месцамі туман, ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 0 - плюс 7 градусаў, а днём - 7-13 градусаў цяпла. У паўднёвых і заходніх раёнах прагназуецца плюс 14-15 градусаў.
У нядзелю, 2 красавіка, на большай частцы тэрыторыі Беларусі выпадуць ападкі (дождж, мокры снег). У асобных раёнах слабы галалёд і туман, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе ў межах ад нуля да 7 градусаў цяпла, а днём ад плюс 2 градусаў па поўначы да плюс 11 градусаў па поўдні і паўднёвым усходзе.
Паводле папярэдняга прагнозу сіноптыкаў, у пачатку новага рабочага тыдня паветраныя патокі памяняюць свой напрамак і ў Беларусь пачнуць паступаць халодныя няўстойлівыя паветраныя масы паўночных шырот.
У панядзелак, 3 красавіка, на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Ноччу тэмпература паветра складзе ад мінус 6 градусаў па паўночным захадзе да плюс 4 градусаў па паўднёвым усходзе краіны. Днём чакаецца 1-7 градусаў вышэй за нуль.
У аўторак і сераду, 4-5 красавіка, месцамі па краіне будуць кароткачасовыя ападкі (у асноўным снег, мокры снег), слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе ў межах ад мінус 6 да плюс 1 градуса, а пры праясненнях - да 8 градусаў марозу. Днём чакаецца ад мінус 2 да плюс 5 градусаў.-0-