
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння, 31 сакавіка, месцамі на дарогах рэспублікі чакаецца галалёдзіца, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на даныя Белгідрамета і МНС.
Сярод фактараў небяспекі ратавальнікі называюць магчымае ўскладненне руху транспарту, павелічэнне верагоднасці ўзнікнення ДТЗ, рызыка траўматызму. "Станоўчыя тэмпературы абумовяць раставанне снежнага покрыва, з-за чаго пагаршаецца гідралагічная абстаноўка: узнікаюць затапленні ад рэк і талых вод, асабліва гэта датычыцца нізінных участкаў. З-за аслаблення трываласці лёду высокая небяспека няшчасных выпадкаў на вадаёмах", - падкрэслілі ў МНС.
Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. У першай палове дня магчымы дажджы на большай частцы тэрыторыі, па поўначы - з мокрым снегам. Таксама ў асобных раёнах - слабы галалёд, месцамі на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра - да плюс 9 градусаў, па заходняй частцы - да плюс 14.-0-