
26 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Абмен вопытам у сферы аховы здароўя паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі дае магчымасць хутчэй знаходзіць шляхі вырашэння падобных праблем. Упэўненасць у гэтым выказаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя (БПРАЗ) Вячаслаў Шыла 26 мая на сустрэчы ў Гомелі з дэлегацыяй урада Курскай вобласці і арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя расійскага рэгіёна, паведамілі БЕЛТА ў БПРАЗ.
Вячаслаў Шыла, вяртаючыся да праведзенага нядаўна ў Мінску пасяджэння Выканкама Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў работнікаў аховы здароўя, адзначыў: "Размаўляючы з калегамі з розных краін СНД, мы бачым: нягледзячы на тое, што сістэмы аховы здароўя нашых краін развіваюцца па-рознаму, праблемы і мэты падобныя. Для вырашэння адных і дасягнення другіх галіновыя прафсаюзы выступаюць партнёрамі дзяржаўным структурам".
Як расказаў старшыня, БПРАЗ праводзіць аналіз цякучасці кадраў у медустановах, замацаванасці на першым працоўным месцы, міграцыі ўрачэбных кадраў у вялікія гарады або за мяжу. Пры ўдзеле прафсаюзаў канкрэтызаваны аспекты сістэмы настаўніцтва. У цэлым для вырашэння праблем кадравага патэнцыялу ў галіне аховы здароўя выпрацаваны цэнтралізаваны падыход.
"Абмен вопытам як унутры краіны, так і паміж рэгіёнамі дзвюх краін (Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА) дае магчымасць хутчэй знаходзіць шляхі вырашэння падобных праблем, укараняць новыя метады навучання. Навучаючыся, мы развіваемся. Мы самі не толькі гатовы вучыцца, але і дзяліцца сваім вопытам", - заявіў лідар Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Намеснік губернатара Курскай вобласці Андрэй Беластоцкі падтрымаў Вячаслава Шылу. Ён прапанаваў праводзіць штогадовыя сумесныя нарады па ахове здароўя на ўзроўні двух рэгіёнаў па найбольш актуальных тэмах. "Абмен ведамі і напрацоўкамі ў жывым фармаце будзе прыносіць найбольшы станоўчы рэзультат", - лічыць прадстаўнік Курскай абласной адміністрацыі.
На сустрэчы бакі разгледзелі і пытанні ўзаемадзеяння ў маладзёжнай палітыцы, развіцця настаўніцтва і ўмацавання кадравага патэнцыялу ў медустановах рэгіёнаў абедзвюх краін.
Расійская дэлегацыя таксама азнаёмілася з работай Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека і Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, даведалася аб дзейнасці прафсаюзных пярвічак устаноў.-0-