ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 лютага 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 снежня 2022, 16:24

Што зменіцца ў правілах паступлення ў ВНУ? Вынікі нарады ў Лукашэнкі

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Андрэй Іванец на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ расказаў аб асноўных новаўвядзеннях і змяненнях, якія прапануецца ўнесці ў правілы прыёму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Падрыхтоўка змяненняў вялася з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў, у тым ліку прадстаўнікоў розных устаноў адукацыі, пачынаючы ад кіраўніцтва галіны і заканчваючы педагогамі на месцах. Адбыліся таксама грамадскія дыскусіі, у якіх удзельнічалі бацькі і вучні. Паколькі тэма адукацыі так ці інакш закранае вялікую колькасць людзей. Толькі ў 2023 годзе ў Беларусі будзе амаль 54 тыс. выпускнікоў, якім важна даведацца правілы прыёму ў ВНУ і зрабіць лёсавызначальны для сябе выбар.

Навошта нешта мяняць?

Прэзідэнт, гаворачы аб асноўных падыходах пры карэкціроўцы правіл правядзення ўступнай кампаніі, яшчэ ў жніўні гэтага года ставіў тры асноўныя задачы: убачыць абітурыента, не страціць адораную, таленавітую моладзь і спыніць беганіну паміж універсітэтамі.

Ільготы для алімпіяднікаў і мэтавікоў

Каб забяспечыць максімальна справядлівы падыход пры адборы абітурыентаў, пашыраюцца льготныя катэгорыі тых, каго прымуць у ВНУ без экзаменаў. Паколькі сябе вельмі добра зарэкамендавала практыка прымаць без уступных экзаменаў пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, яна будзе прадоўжана і пашырана.

"Упэўнены, і абмеркаванне гэта паказала, што гэту форму трэба пашыраць. У бягучым годзе прапануецца правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіяд у рэгіянальных ВНУ (іх пераможцы атрымаюць права на залічэнне без іспытаў. - Заўвага БЕЛТА). Гэта дасць магчымасць замацаваць і пакінуць таленавітую моладзь у рэгіёнах і падрыхтаваць адпаведныя кадры", - сказаў міністр.

А выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія праходзяць шматстадыйны адбор, каб туды трапіць, змогуць пайсці вучыцца ў ВНУ па адпаведным профілі на падставе рэкамендацыі наглядальнага савета парка.

Ёсць змяненні і для выпускнікоў, якія ідуць у ВНУ па мэтавым наборы. Паводле новых правіл, для тых абітурыентаў, якія будуць паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі ў ВНУ, прадугледжана здача ўнутранага экзамену ў вуснай форме. "Такім чынам мы зможам убачыць будучых медыкаў (плануем каля 50 працэнтаў медыкаў прыняць на мэтавую форму падрыхтоўкі), педагогаў (каля 20-25 працэнтаў), спецыялістаў, якія пойдуць у сельскую гаспадарку", - падкрэсліў Андрэй Іванец. Паводле яго слоў, да цяперашняга часу па выніках гутаркі прымалі выпускнікоў педагагічных, аграрных, фізкультурных класаў. Іх было прынята амаль 1 тыс. чалавек у 2022 годзе. "У гэту прыёмную кампанію (маючую адбыцца кампанію 2023 года. - Заўвага БЕЛТА) мы зможам убачыць каля 14 тыс. абітурыентаў, што складае прыкладна палову бюджэтных месцаў нашых ВНУ", - звярнуў увагу міністр.

Цэнтралізаваны экзамен - па якіх прадметах і калі здаваць?

Адзін з самых важных аспектаў правядзення ўступнай кампаніі - гэта экзамены пасля 11-га класа - у якой форме іх праводзіць і па якіх прадметах.

"Шырокае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі, якое было праведзена па вашым даручэнні, паказала, што ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: навучэнцы, настаўнікі, бацькі - падтрымліваюць увядзенне цэнтралізаванага экзамену як формы выпускной атэстацыі з агульнаадукацыйных школ. Больш глыбокае, дэталёвае вывучэнне пытання паказала, што здаваць мэтазгодна рускую або беларускую мову - абавязковы прадмет, а другі прадмет - на выбар. І гэта будзе справядліва", - заявіў Андрэй Іванец.

Міністэрства адукацыі праводзіла выбарачныя ЦЭ ў шэрагу рэгіёнаў, у іх прынялі ўдзел 2,5 тыс. навучэнцаў. Амаль 30 працэнтаў з іх выбралі матэматыку, па 15-16 працэнтаў - англійскую мову і біялогію, па 10-11 працэнтаў - гісторыю Беларусі і грамадазнаўства. У сувязі з гэтым прынята рашэнне прадаставіць навучэнцам выбар таго прадмета, які яны хочуць здаваць за курс школы.

Пасля заканчэння 11 класаў выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін, абавязковы, - па рускай або беларускай мове, другі - на выбар з ліку прадметаў, па якіх цяпер прадугледжана ЦТ.

Дарэчы, праходзіць экзамены будуць у форме тэсціравання і па-за будынкамі школы. Будуць вызначаны пункты для іх правядзення. Падрыхтоўкай заданняў і праверкай работ будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Каму спатрэбіцца характарыстыка са школы?

Важнай навацыяй уступнай кампаніі 2023 года міністр назваў увядзенне характарыстыкі навучэнца, якая па ўстаноўленай форме будзе выдавацца ўстановай адукацыі - школай або каледжам. Яна ўключана ў пералік дакументаў для паступлення. Характарыстыка, паводле слоў міністра, будзе адлюстроўваць "не толькі і не столькі паспяховасць, а асабістыя якасці маладога чалавека, удзел у рабоце грамадскіх аб'яднанняў (піянерыі, БРСМ), у акцыях патрыятычнай накіраванасці". "Гэта будзе матываваць як саміх навучэнцаў, так і выкладчыкаў, - лічыць Андрэй Іванец. - Выдача такой характарыстыкі менавіта школай з'яўляецца справядлівай. Таму што хто, як не школа, 11 гадоў бачыць будучага выпускніка?!"

У якія тэрміны пройдзе ўступная кампанія?

Што датычыцца тэрмінаў правядзення ўступнай кампаніі, то пачнецца яна ў лютым-сакавіку 2023 года, калі пройдуць універсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх у выніку атрымаюць права на залічэнне ў ВНУ без іспытаў. Адпаведна, у гэты часавы перыяд будзе праведзена іх залічэнне ў ВНУ.

Далей з 14 па 21 мая, да заканчэння навучальнага года, пройдуць цэнтралізаваныя экзамены. Да 12 чэрвеня - залічэнне на мэтавую форму падрыхтоўкі. "Чаму гэта так важна? Мінулая ўступная кампанія паказала: калі адначасова ідзе прыём дакументаў на мэтавую форму падрыхтоўкі і на бюджэтныя месцы... Калі малады чалавек бачыў, што ў яго дастатковая колькасць балаў для паступлення на бюджэт, ён мог забраць дакументы з мэтавай формы падрыхтоўкі і перайсці на звычайнае навучанне", - растлумачыў міністр. З улікам прапанаваных тэрмінаў правядзення ўступнай кампаніі выбар мэтавай формы падрыхтоўкі будзе больш усвядомленым.

Неабавязковы экзамен у форме цэнтралізаванага тэсціравання, які патрэбны выпускнікам для паступлення ў профільную ВНУ, можна будзе здаць пасля 12 чэрвеня. Далей залічэнне ў ВНУ пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулым годзе.

Дзе даведацца пра ўсе новаўвядзенні ўступнай кампаніі?

Паводле слоў міністра, плануецца, што з улікам дапрацоўкі адпаведных норм, дыскусій, праведзеных не раз на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, грамадскіх абмеркаванняў будуць унесены дапаўненні і змяненні ў дзеючыя правілы прыёму ў ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджаныя ўказам Прэзідэнта ў студзені 2022 года. Апублікаваць дакумент для ўсеагульнага азнаямлення плануецца да канца 2022 года.

"Улічваючы тыя змяненні, якія ўносяцца, было дадзена даручэнне (Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) апублікаваць у поўным аб'ёме ўказ. Каб не было ніякай блытаніны, каб і бацькі, і вучні, і кіраўнікі ўніверсітэтаў цалкам разумелі ад пачатку да канца ўсю прыёмную кампанію, усе правілы, будзе апублікаваны ў поўным аб'ёме, з усімі змяненнямі і дапаўненнямі ўказ Прэзідэнта аб правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі", - удакладніў Андрэй Іванец.

На пытанне аб тэрмінах, калі гэта павінна адбыцца, ён адказаў: "Мяркуем, што ў самы бліжэйшы час, літаральна на працягу снежня, ён будзе ўнесены на разгляд і на подпіс кіраўніка дзяржавы, і, мяркуем, што новы год мы ўжо сустрэнем з апублікаванымі новымі правіламі прыёму".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі