ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 жніўня 2022, 14:14

Сезон шашлыкоў: у чым небяспека сальманелёзу і як пазбегнуць заражэння

Фота з архіва
Фота з архіва

5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У чым небяспека сальманелёзнай інфекцыі і як пазбегнуць заражэння, расказала карэспандэнту БЕЛТА ўрач-эпідэміёлаг Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Настасся Бабіла.

"У цёплы час года актывізуюцца ўзбуджальнікі бактэрыяльных кішэчных інфекцый, лідзіруючае месца сярод якіх займае сальманелёзная інфекцыя. З павелічэннем колькасці выездаў на прыроду і дачныя ўчасткі ўзрастае і рызыка захворвання, асабліва пры гатаванні страў на агні. Цяпер у Мінску адзначаецца сур'ёзны ўздым захваральнасці на сальманелёзную інфекцыю сярод насельніцтва, выпадкі рэгіструюцца як сярод дарослых, так і сярод дзяцей, у групе рызыкі - дзеці да 2 гадоў", - адзначыла Настасся Бабіла.

Урач-эпідэміёлаг растлумачыла: сальманелёз - гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца бактэрыямі роду Salmonella. У большасці выпадкаў яно праходзіць з пераважным пашкоджваннем органаў стрававальнага тракту (болі ў жываце, млоснасць, ірвота, дыярэя).

Асноўная крыніца інфекцыі - сельскагаспадарчыя жывёлы (буйная рагатая жывёла, свінні) і птушкі (куры, гусі, качкі, індычкі), а дадатковая - хворы на сальманелёз чалавек або носьбіт. Заражэнне людзей ад жывёл адбываецца харчовым шляхам пры ўжыванні мяса і мясапрадуктаў птушкі або жывёл, а таксама яек, крэмавых вырабаў, у якіх могуць знаходзіцца сальманелы.

Паводле слоў Настассі Бабілы, небяспека заражэння сальманелёзнай інфекцыяй павялічваецца яшчэ і таму, што, размнажаючыся ў гатовай страве, сальманелы не змяняюць ні яе знешняга выгляду, ні смаку, ні паху, а сам узбуджальнік добра захоўваецца ў знешнім асяроддзі і размнажаецца ў прадуктах харчавання. Напрыклад, сальманелы могуць захоўваць жыццяздольнасць у малацэ да 20 дзён, у каўбасных вырабах - ад 2 да 4 месяцаў, у сметанковым масле - да 4 месяцаў, у замарожаным мясе - 6 месяцаў, у тушках птушак - больш за год, у яечным парашку - 3-9 месяцаў, у глебе - да 18 месяцаў. Саленне і вэнджанне аказваюць на іх вельмі слабы ўплыў, а замарожванне нават павялічвае тэрміны выжывання мікробаў у прадуктах.

Пры тэмпературы 80 градусаў сальманелы гінуць на працягу 3 мінут, пры 100 градусах - імгненна. Таму важна правільная кулінарная тэрмічная апрацоўка прадуктаў: неабходна дасканала прасмажваць і праварваць прадукты, прыкметамі гатоўнасці мясных вырабаў з'яўляюцца выдзяленне бясколернага соку ў месцы разрэзу.

Для таго каб не захварэць на сальманелёзную інфекцыю, неабходна выконваць тэрміны і ўмовы захоўвання прадуктаў, не набываць прадукты ў выпадковых людзей або ў месцах несанкцыянаванага гандлю, не ўжываць мяса, якое не прайшло ветэрынарны кантроль. Пры гатаванні ежы трэба забяспечваць дастатковую тэрмічную апрацоўку страў: мяса і птушку трэба добра праварваць або прасмажваць з абодвух бакоў пад накрыўкай, не рэкамендуецца ўжываць яйкі сырымі, усмятку, у выглядзе яечні. Трэба пазбягаць кантакту сырых і гатовых харчовых прадуктаў: для сырога мяса, рыбы, птушкі і для вараных прадуктаў неабходна выкарыстоўваць розныя дошкі і нажы, сачыць за тым, каб і ў халадзільніку сырое мяса, птушка не захоўваліся побач з гатовымі стравамі.

"Вядучай мерай прафілактыкі ўсіх кішэчных інфекцый з'яўляецца выкананне правіл асабістай гігіены: неабходна мыць рукі - перад гатаваннем і прыёмам ежы, пасля кожнага перапынку ў працэсе гатавання, пасля наведвання туалета, пасля прыходу з вуліцы, пасля кантакту са свойскімі жывёламі", - падкрэсліла Настасся Бабіла.

Пры адпачынку на прыродзе неабходна правільна падрыхтавацца да паездкі: узяць з сабой вадкае мыла або дэзынфіцыруючы сродак для рук, скорапсавальныя прадукты пакласці ў сумку-халадзільнік або зусім адмовіцца ад іх, выкарыстоўваць толькі бутэляваную ваду, дасканала мыць агародніну, фрукты, ягады. Асаблівы акцэнт - на дастатковую тэрмічную апрацоўку мяса пры гатаванні шашлыкоў (дасканала прасмажваць). Купацца толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтых мэт месцах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі