ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 29 кастрычніка 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 верасня 2020, 17:11

Разглядаецца каля 280 адміністрацыйных спраў аб удзеле непаўналетніх у несанкцыянаваных мітынгах - Петрышэнка

Ігар Петрышэнка
Ігар Петрышэнка

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Разглядаецца каля 280 адміністрацыйных спраў аб удзеле непаўналетніх у несанкцыянаваных мітынгах. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На разглядзе каля 280 адміністрацыйных спраў па парушэнні непаўналетнімі правіл паводзін і ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах. Адпаведна, іх законныя прадстаўнікі запрашаюцца на камісіі па справах непаўналетніх і прымаюцца адпаведныя меры", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, ёсць відэафіксацыя, што амаль 20 бацькоў свядома прыцягнулі на несанкцыянаваныя акцыі 25 дзяцей. "Кожнаму факту будзе дадзена прававая ацэнка, і ні адзін з бацькоў, хто падвяргае сваё дзіця небяспецы, не пазбегне прадугледжанай заканадаўствам адказнасці", - дадаў віцэ-прэм'ер.

26 бацькоў, якія былі на несанкцыянаваных мітынгах з дзецьмі, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

"Гэта не самамэта - прыцягнуць бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці. Асноўная мэта - каб бацькі нарэшце спыніліся, задумаліся, уключылі галаву і пабераглі сваіх дзяцей, не ўцягвалі іх у розныя сумніўныя мерапрыемствы. Адпаведна, пабераглі і сваё здароўе, эмоцыі", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Намеснік прэм'ер-міністра выказаў здзіўленне, што ў Гродне ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ўдзельнічала цяжарная жанчына. "Дзяржава прадастаўляе аплатны дэкрэтны водпуск не для таго, каб будучыя мамы наведвалі такія мерапрыемствы, а каб яны маглі клапаціцца аб сваім здароўі і здароўі сваіх дзяцей, займацца іх выхаваннем і развіццём", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён заявіў, што дапамогі, якія выплачвае дзяржава на дзяцей, не павінны ісці на выплату штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. "Мы будзем гэта спыняць і глядзець, каб грошы ішлі на ўтрыманне дзяцей", - дадаў віцэ-прэм'ер.

Нацкамісія па правах дзіцяці падтрымлівае падыходы па ўзмацненні адказнасці бацькоў за ўцягванне непаўналетніх у несанкцыянаваныя акцыі. Уцягванне ў такія акцыі з'яўляецца грубым і бясспрэчным парушэннем правоў дзяцей, палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, Кодэкса аб шлюбе і сям'і і іншых заканадаўчых актаў. "Любая міжнародная арганізацыя пацвердзіць правату маіх слоў. Здзіўляе тое, што ні адзін праваабаронца, ні адзін гуманітарны фонд, якія так клапоцяцца аб затрыманых на акцыях, не выказаў свайго хвалявання аб парушэнні правоў непаўналетніх, - падкрэсліў ён. - Складваецца меркаванне, што ўсе гэтыя дзеячы не бачаць відавочных парушэнняў. Напэўна, іх гэта не цікавіць, больш цікава ствараць фэйкавыя навіны".

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, асноўная задача, якую трэба вырашаць дзяржаве, школе і бацькам, - гэта навучыць дзіця арыентавацца ў патоку разнастайнай інфармацыі, не дапусціць фарміравання ў яго свядомасці дэструктыўных, антысацыяльных ідэй і светапогляду.

У рабоце з бацькамі неабходна актывізавацца саветам, камісіям па садзейнічанні сям'і і школе на прадпрыемствах і арганізацыях для правядзення прафілактыкі ўдзелу непаўналетніх у проціпраўнай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі