
2 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Праект інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" атрымаў статуэтку нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект стаў пераможцам у намінацыі для рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў "Лепшы сеткавы праект рэдакцыі СМІ". Яшчэ адной статуэткі "Залатая Літара" ўдастоена рэдактар аддзела эканамічнай інфармацыі БЕЛТА Валерыя Гаўрылава за лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі. У персанальнай намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў" перамогу атрымаў вядучы фотакарэспандэнт рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА Максім Гучак.

У Брэсце праходзіць урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХІХ Нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара". Дыплом лаўрэата конкурсу атрымаў калектыў інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і турызму" за цыкл матэрыялаў "Вытокі. Крок да Алімпу". Карэспандэнт газеты "7 дней" інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Марына Мануйлік стала лаўрэатам намінацыі "Лепшы рэпарцёр рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў".
У гэтым годзе конкурс праводзіўся па 20 намінацыях. Усяго на конкурс было пададзена больш як 400 заявак. "Па-мойму, гэта рэкорд. За апошні час вельмі шмат сапраўды яркіх матэрыялаў з'явілася. Як заўсёды, большасць - з рэгіёнаў. Для іх наогул гэта такая канкурэнцыя і магчымасць паказаць сябе, дастойна прадставіць сваю аўтарскую, аналітычную журналістыку, забаўляльную. Для ўсіх друкаваных СМІ гэта галоўная падзея года", - адзначыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.
Конкурс "Залатая Літара" праводзіцца штогод з мэтай садзейнічання развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў Рэспублікі Беларусь, актуалізацыі значных тэматычных напрамкаў дзейнасці СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэння прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню СМІ, стымулявання творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе выпуску СМІ. Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Міністэрства інфармацыі.-0-






Фота Максіма Гучака