
30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафесійныя журналісты не маюць права аддаваць праблемны парадак дня на водкуп дылетантам. Аб гэтым міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў сказаў на ўручэнні дыпломаў лепшым выпускнікам факультэта журналістыкі БДУ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства інфармацыі.
Уладзімір Пярцоў упэўнены, што ўсе выпускнікі пры жаданні змогуць знайсці сябе ў журналістыцы і будуць запатрабаванымі спецыялістамі ў названай галіне. "Для гэтага ў іх ёсць базіс - уменні, жаданне, талент і стараннасць. Ад гэтых складнікаў залежыць тое, наколькі яны адбудуцца на прафесійнай ніве як журналісты і медыяменеджары", - адзначыў міністр.
Сёння 11 лепшых выпускнікоў факультэта журналістыкі БДУ атрымалі дыпломы з рук кіраўніка Міністэрства інфармацыі. На ўручэнні выступілі дэкан факультэта Вольга Самусевіч, загадчыкі кафедр Віктар Іўчанкаў, Святлана Харытонава, Алеся Кузьмінава, Вольга Лушчынская, дацэнт Анатоль Салаўёў.
Паводле інфармацыі факультэта журналістыкі БДУ, усяго ў 2022 годзе дыпломы атрымалі 208 выпускнікоў першай ступені вышэйшай адукацыі, сярод іх 169 студэнтаў дзённай формы навучання (126 беларускіх студэнтаў, 43 замежныя) і 39 студэнтаў-завочнікаў.-0-