ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 30 студзеня 2023
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 снежня 2022, 12:22

Піневіч: мы цалкам спакойныя наконт трыдэміі, паколькі ў Беларусі высокая доля вакцынаваных

Фота з архіва
Фота з архіва

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі спакойны наконт трыдэміі (адначасовай цыркуляцыі каранавіруса, грыпу і рэспіраторных вірусаў), паколькі вялікі працэнт людзей прайшоў вакцынацыю. Аб гэтым заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя падкрэсліў, што эпідэмічная абстаноўка ў краіне цалкам кантралюемая. Колькасць захварэлых пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, паводле даных на раніцу 5 снежня, - меншая за 3 працэнты (некалькі дзён таму было 3,5 працэнта). "Тут у нас пытанняў не ўзнікае, - сказаў Дзмітрый Піневіч. - Цяпер назіраем невялікі прырост захваральнасці (на каранавірус. - Заўвага БЕЛТА) пераважна сярод непрышчэпленых асоб, лёгкія і сярэдняцяжкія выпадкі захворвання".

Асаблівасцю гэтага эпідэміялагічнага сезона павінна стаць адначасовая цыркуляцыя вірусаў грыпу, каранавіруса і рэспіраторных вірусаў, што атрымала назву трыдэмія. "Мы спакойныя наконт гэтага, таму што супраць каранавіруснай інфекцыі ў нас прышчэплены 72 працэнты насельніцтва", - звярнуў увагу міністр. Спасылаючыся на параўнальныя даныя з паказчыкамі СААЗ у іншых краінах, ён адзначыў, што ў Беларусі працэнт прышчэпленых вышэйшы, чым у Расіі, Польшчы, балканскіх краінах, Украіне. "Фактычна гэта сярэднееўрапейскія паказчыкі", - падкрэсліў ён.

Доля вакцынаваных ад віруса грыпу складае 39 працэнтаў. "Лічым, што мы прынялі практычна ўсе прэвентыўныя меры", - сказаў Дзмітрый Піневіч, удакладніўшы, што так званы адміністрацыйны рэсурс пры гэтым не задзейнічаўся.

Тым не менш комплекс медыцынскіх мерапрыемстваў для магчымага рэагавання на сітуацыю праводзіцца, сістэма аховы здароўя не расслабляецца, падкрэсліў міністр. У прыватнасці, падрыхтаваны дастатковы запас медыкаментаў, а запасаў кіслароду дастаткова для работы на пікавых нагрузках больш за тры месяцы. Прадаўжаюць працаваць маніторынгавыя экспертныя групы, у якія ўваходзяць вядучыя спецыялісты краіны. Яны наладзілі сістэму клінічнай дапамогі калегам у рэгіёнах, прадаўжаюць кансультацыйную дапамогу і цяпер. Праводзіцца падрыхтоўка спецыялістаў на трэнінгах і семінарах.

Прэзідэнт, характарызуючы работу сістэмы аховы здароўя ў перыяд пандэміі, сказаў: "За кавід, вядома, дзякуй. Я ўжо не раз вяртаўся да гэтага пытання. Нагадаю: мая ўдзячнасць сістэме аховы здароўя і ўрачам не за тое, што яны лячылі, а за тое, што, не ведаючы, як лячыць, навучыліся. І сёння мы ўжо можам сказаць, што ніхто так у свеце не справіўся з гэтай праблемай, як гэта зроблена было ў Беларусі. Гэта не толькі таму, што ў нас сістэма аховы здароўя правільна сарыентавалася. Мы гэта ведаем. Таму гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што пад кантролем жорсткім і націскам сістэма аховы здароўя працуе".

Як растлумачыў журналістам пасля размовы ў кіраўніка дзяржавы намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка, па кавідзе ў Беларусі пакуль не назіраецца росту захваральнасці, але ў суседніх краінах колькасць выпадкаў расце. "Мы чакаем, што ў нас рост у бліжэйшы час можа пачацца. Але прагназуем не вышэйшы за тыя ўзроўні, якія назіраліся ў верасні-кастрычніку, чаму садзейнічае і вакцынацыя, і постынфекцыйны імунітэт", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі