ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 26 лістапада 2022
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2022, 16:20

Петрышэнка заклікаў краіны СНД актывізаваць устараненне перашкод ва ўзаемным гандлі

Фота з архіва
Фота з архіва

23 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка сёння на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД заклікаў краіны Садружнасці актывізаваць устараненне перашкод ва ўзаемным гандлі, паведамляе БЕЛТА.

"Лічым неабходным актывізаваць работу па ўстаранені перашкод у нашым узаемным гандлі, - сказаў Ігар Петрышэнка. - Дзякуем Выканкаму СНД за падрыхтаваны даклад аб бар'ерах ва ўзаемным гандлі дзяржаў - удзельніц СНД і рэкамендацыі па іх устараненні. Падтрымліваем намаганні Выканкама па прыцягненні да гэтай работы гандлёва-прамысловых палат краін Садружнасці. Лічым, што рэкамендацыі па ўстараненні бар'ераў трэба прадметна абмеркаваць на нашым наступным пасяджэнні ў снежні. Вынікам абмеркавання павінны стаць рашэнні па выкананні гэтых рэкамендацый".

Паводле інфармацыі прэс-службы Выканкама СНД, Эканамсавет СНД разгледзеў шырокае кола пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва. Кіраўнікі дэлегацый абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях эканамічнага ўзаемадзеяння ў СНД, у прыватнасці абмеркавалі ход рэалізацыі прынятага на чэрвеньскім пасяджэнні Эканамсавета пераліку сумесных мер рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць. Было разгледжана пытанне "Аб праекце пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый". Асноўнымі мэтамі дакумента з'яўляюцца забеспячэнне ўстойлівага развіцця функцыянавання зоны свабоднага гандлю як паслугамі, так і таварамі, лібералізацыя ўмоў інвестыцыйнай дзейнасці.

Аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2030 года і фарміраванні агульнай інавацыйнай прасторы Садружнасці па такіх напрамках, як штучны інтэлект, робататэхніка, квантавыя тэхналогіі, далажыў старшыня Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Сяргей Шлычкоў.

Адобраны праект пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў СНД па папярэджанні і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя санітарна-эпідэміялагічнага характару. У дакуменце вызначаны асноўныя напрамкі і парадак работы спецыялізаваных проціэпідэмічных брыгад, вызначаны прыярытэтны пропуск праз дзяржаўныя граніцы бакоў.

Разгледжаны праекты дзвюх канцэпцый: лічбавай трансфармацыі галін хімічнага комплексу дзяржаў - удзельніц СНД і навукова-тэхнічнага і тэхналагічнага супрацоўніцтва. Акрамя таго, на пасяджэнні адобраны праект міждзяржаўнай радыёнавігацыйнай праграмы на 2023-2026 гады. У яе рамках плануецца выкананне сумесных мерапрыемстваў па распрацоўцы і стварэнні радыёнавігацыйных сродкаў на аснове выкарыстання сігналаў навігацыйных сістэм наземнага і касмічнага базіравання на электроннай кампанентнай базе пераважна распрацоўкі дзяржаў - удзельніц СНД.

Членамі Эканамічнага савета адобраны праект плана сумесных дзеянняў па процідзеянні ўстойлівасці да процівомікробных прэпаратаў, а таксама праект палажэння аб базавай арганізацыі ацэнкі тэхналогій аховы здароўя, кантролю якасці і фінансавання медыцынскай дапамогі дзяржаў - удзельніц СНД.

Наступнае пасяджэнне Эканамічнага савета СНД пройдзе 9 снежня ў Маскве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі