Сцяг Аўторак, 21 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 красавіка 2024, 12:27

Петрышэнка: выбудаваная ў Беларусі сістэма меддапамогі дае магчымасць аказаць пацыентам увесь спектр паслуг

Фота з архіва
Фота з архіва
23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбудаваная ў Беларусі сістэма меддапамогі дае магчымасць аказваць пацыентам увесь спектр медыцынскіх паслуг, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на адкрыцці 29-га міжнароднага медыцынскага форуму "Ахова здароўя Беларусі - 2024", які ўключае спецыялізаваную выстаўку і вялікую дзелавую праграму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што бягучы год у Беларусі аб'яўлены Годам якасці. "Менавіта ад якаснай медыцынскай дапамогі залежыць стан здароўя кожнага чалавека. Мы забяспечваем аказанне неабходнай меддапамогі ад самай маленькай вёсачкі і хутара і заканчваючы абласнымі цэнтрамі і сталіцай нашай краіны. Выбудаваная сістэма меддапамогі дае магчымасць аказаць людзям увесь спектр медпаслуг", - сказаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра дадаў, што падтрыманне здароўя залежыць ад кожнага чалавека, а ўрачэбная супольнасць можа пракансультаваць пацыента, які мае патрэбу ў адпаведнай меддапамозе.

Асобна Ігар Петрышэнка спыніўся на экспарце паслуг. "Мы ганарымся тым, што толькі па выніках мінулага года экспарт медыцынскіх паслуг у 140 краін свету склаў больш за $40 млн. Актыўна працуе наша сістэма адукацыі. Студэнты з больш як 50 краін атрымліваюць якасную медыцынскую адукацыю. Толькі за мінулы год лічба экспарту адукацыйных паслуг склала больш як $30 млн", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Гаворачы аб выстаўцы, якая адкрылася, ён адзначыў, што на гэтай пляцоўцы прадстаўлены ўсе лепшыя распрацоўкі РНПЦ, перадавых клінік - увесь спектр, які датычыцца падтрымання здароўя чалавека. У час дзелавой праграмы будуць актыўна абмяркоўвацца і самае галоўнае - выпрацоўвацца новыя падыходы, новыя методыкі для аказання неабходнай дапамогі.

Паводле яго слоў, у галіне медыцыны ёсць пэўныя распрацоўкі, прапановы, у тым ліку па ўкараненні штучнага інтэлекту. "Але як не развівалі б штучны інтэлект, перадавыя тэхналогіі, усё (неабходнае лячэнне. - Заўвага БЕЛТА) залежыць ад кваліфікацыі ўрача, яго ведаў", - упэўнены намеснік прэм'ер-міністра.

У гэтым годзе форум прымеркаваны да 105-годдзя сістэмы аховы здароўя Беларусі. Фармат адзінай інфармацыйнай і выставачнай прасторы стварае якасна новыя магчымасці пашырэння інавацыйных прадуктаў для практычнай медыцыны, прыцягвае вядучых айчынных і замежных вытворцаў медыцынскай тэхнікі і абсталявання, лекавых прэпаратаў, прафесіяналаў, якія працуюць у сістэме аховы здароўя.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі