ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 10 чэрвеня 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2023, 19:24

Новы зборнік дакументаў аб хатынскай трагедыі прэзентавалі ў Мінску

Фота з архіва
Фота з архіва

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напярэдадні 80-годдзя трагедыі Хатыні ў Нацыянальным архіве Беларусі прэзентавалі зборнік дакументаў "Хатынская трагедыя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Зборнік дакументаў і матэрыялаў "Хатынская трагедыя" расказвае пра знішчэнне беларускай вёскі Хатынь і стварэнне на месцы трагедыі мемарыяльнага комплексу. У выданне ўключана 195 дакументаў, большасць - з Нацыянальнага архіва Беларусі.

Важнасць гэтага выдання адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Алег Воінаў: "Сёння нашай агульнай задачай з'яўляецца вырашэнне праблемы асвятлення падзей і гістарычных фактаў, фарміраванне ў моладзі пачуцця патрыятызму, гонару за гераічнае мінулае сваёй краіны".

Паводле яго слоў, зборнік "Хатынская трагедыя" стане яшчэ адным укладам у захаванне гісторыі і памяці.

Да гэтага за 2014-2018 гады ў свет выйшла пяць выданняў, прысвечаных тэме хатынскай трагедыі: "Хатынь. Трагедыя і полымя", "Хатынскі некропаль", "Хатынскія Дрэвы жыцця", "Хатынская Сцяна памяці" і "Забойцы Хатыні".

Новы зборнік дакументаў складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечана хатынскай трагедыі, другая - стварэнню мемарыяла "Хатынь".

"Па хатынскай трагедыі мы маем поўную карціну таго, што адбылося. А вось па стварэнні мемарыяла ў нас сёння яшчэ ёсць пытанні. Нам удалося адшукаць заключэнне па конкурсным праекце, але як праходзіў конкурс, нам яшчэ трэба будзе даведацца", - сказаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў Селяменеў.

Рэцэнзентам зборніка з'яўляецца загадчыца кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алеся Корсак. Яна адзначыла: "Унікальнасць зборніка заключаецца ў трох асноўных момантах: ахвяры, каты і захаванне памяці аб ахвярах". Паводле яе слоў, у зборніку таксама расказваецца, чаму для мемарыяльнага комплексу была выбрана менавіта вёска Хатынь.

Таксама значнасць выдання адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч. "Гістарычная памяць з кожным пакаленнем змяншаецца, і таму вельмі важна выдаваць і перавыдаваць гэтыя дакументы. Неабходна, каб моладзь прыходзіла ў навуку, прапусціўшы праз сваё сэрца менавіта сапраўдны дакумент", - сказала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі