
8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект указа "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Праектам прадугледжваецца стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу "Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах", у які ўключаюцца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксі), вадзіцелях, дыспетчарах перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, а таксама дыспетчарах таксі.
Для нядобрасумленных перавозчыкаў і дыспетчараў прадугледжваюцца механізмы прыпынення знаходжання і выключэння з рэестра.
Дакументам устанаўліваюцца нормы: замежныя кампаніі маюць права аказваць паслугі дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, дыспетчара таксі толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы; дзейнасць без уключэння ў рэестр забараняецца; абавязкі для перавозчыкаў забяспечыць відэафіксацыю выканання перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, у тым ліку аўтамабілямі - таксі, з дапамогай устаноўкі тэхнічных сродкаў і г.д.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства транспарту і камунікацый.
Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме з 8 па 18 чэрвеня.-0-