.
ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 3 сакавіка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 студзеня 2021, 13:21

Макей: Беларусь будзе рабіць усё магчымае, каб процідзейнічаць адраджэнню неанацызму

Уладзімір Макей
Уладзімір Макей

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе рабіць усё магчымае, каб процідзейнічаць адраджэнню неанацызму, любых праяў этнічнай, рэлігійнай нянавісці, нецярпімасці і фанатызму. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у час памятнага мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту, якое адбылося сёння каля мемарыяла "Яма" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў міністр, у гэты дзень па традыцыі ў Беларусі ўспамінаюць усіх ахвяр халакосту: і тых, хто сустрэў апошні міг свайго жыцця на беларускай зямлі, і тых, хто загінуў ад рук нацыстаў і іх памагатых у шматлікіх гета і лагерах смерці па ўсёй Еўропе. "Беларусы, на мой погляд, як ніякі іншы народ, разумеюць увесь жах і трагедыю халакосту. У нашай гістарычнай памяці адлюстраваны ў ліку найбольш крывавых злачынстваў нацызму дзясяткі гета ў Беларусі, сотні тысяч загінулых яўрэяў. Гэта гістарычная памяць, успаміны набатам гучаць у нашых сэрцах, заклікаючы абараняць чалавечае жыццё і годнасць і рабіць усё, каб трагедыя халакосту не паўтарылася", - сказаў ён.

Уладзімір Макей са шкадаваннем канстатаваў, што ў сучасным свеце не ўсе засвоілі страшныя ўрокі Другой сусветнай вайны. "Мы бачым страту даверу, узрастаючае процістаянне ў свеце. Бачым спробы асобных краін абяліць злачынствы Трэцяга рэйха, аж да гераізацыі нацыстаў і іх крывавых памагатых. Для нас, для Беларусі такі падыход катэгарычна непрымальны", - заявіў кіраўнік МЗС.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь прымае паслядоўныя намаганні для таго, каб захаваць памяць аб ахвярах халакосту, не дапусціць адраджэння неанацызму і любых праяў расавай нянавісці і фанатызму.

"Беларуская дзяржава імкнецца прывіваць маладому пакаленню каштоўнасці і культуру, якія дапамаглі б яму ў абароне чалавечага жыцця і годнасці, дапамаглі б захаваць мір, стабільнасць і спакой у грамадстве", - сказаў ён.

Уладзімір Макей канстатаваў, што Беларусь разам з партнёрамі на міжнароднай арэне ўжо зрабіла шмат, каб увекавечыць памяць аб ахвярах Другой сусветнай вайны, аб подзвігу салдат, якія выратавалі свет ад карычневай чумы. "Мы не маем намеру на гэтым спыняцца і ў далейшым будзем рабіць усё магчымае, каб процідзейнічаць адраджэнню неанацызму, любым праявам этнічнай, рэлігійнай нянавісці, нецярпімасці і фанатызму. На гэтым шляху Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, якія зацікаўлены ў тым, каб забяспечыць мір і стабільнасць на планеце, садзейнічаць фарміраванню ўстойлівага і талерантнага грамадства", - падкрэсліў кіраўнік МЗС.

"Няхай гэта жалобнае мерапрыемства паслужыць нам напамінам, наказам аб тым, што ўсе мы сёння, незалежна ад палітычных перакананняў, ад палітычных рознагалоссяў павінны зрабіць усё магчымае, каб не паўтарыўся халакост, каб не паўтарылася трагедыя Другой сусветнай вайны", - рэзюмаваў Уладзімір Макей.

Міністр разам з кіраўнікамі дыпмісій шэрага дзяржаў, дэпутатамі, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, грамадскіх і рэлігійных арганізацый усклалі кветкі да мемарыяла ў памяць аб ахвярах халакосту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі