Сцяг Субота, 15 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2024, 16:59

Косінец: УНС з'яўляецца дзейсным органам улады, які дае магчымасць будаваць дзяржаву для народа

Аляксандр Косінец
Аляксандр Косінец
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускі народны сход у новым канстытуцыйным статусе з'яўляецца дзейсным прадстаўнічым органам улады, які дае магчымасць вырашаць задачы па будаўніцтве дзяржавы для народа. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік старшыні УНС Аляксандр Косінец па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі, старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод асноўных пытанняў, на якія звярнуў увагу у час даклада Аляксандр Лукашэнка, - арганізацыя і кіраванне Усебеларускім народным сходам. Вертыкаль павінна быць выбудавана наступным чынам: старшыня УНС - яго намеснік - Прэзідыум - Сакратарыят - дэлегаты УНС. Як растлумачыў Аляксандр Косінец, плануецца ўтварыць 10 дэлегацый, у тым ліку ад урада (пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра), ад рэгіёнаў, ад парламентарыяў і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, ад судовай улады.

Галоўнымі аспектамі іх работы, паводле слоў намесніка старшыні УНС, стануць аператыўнасць (дзеянне, здольнасць выканаць пастаўленую задачу), кантроль (праверка, ці правільна выбрана дзеянне), эфектыўнасць і стараннасць (дысцыпліна).

Пры гэтым дзейнасць дэлегатаў УНС будзе арганізавана на пастаяннай аснове, а не ад пасяджэння да пасяджэння, як гэта было раней, да надзялення УНС новым канстытуцыйным статусам. Гэта будзе штодзённая карпатлівая работа, падтрыманне сувязі з насельніцтвам, работа са СМІ, падкрэсліў Аляксандр Косінец. "Кіраўніцтва УНС будзе абавязкова сустракацца з дэлегацыямі на месцах, каб бачыць і разумець, як арганізавана работа, якія ёсць праблемы, якую дапамогу неабходна аказаць у частцы вырашэння тых ці іншых пытанняў, - сказаў ён. - Гэта ўжо зусім іншая платформа, іншыя механізмы, падыходы ў арганізацыі і кіраванні УНС, чым у папярэднія гады, калі ад аднаго да другога з'езда проста галасаванне і ўсё. Неабходна штодзённая пастаянная работа, што будзе адчувальнай дапамогай для ўсіх галін улады. Гэта дзейсны, высокага рангу, прадстаўніцтва орган, які дазваляе вырашаць усе праблемы, задачы будаўніцтва дзяржавы для народа".

У час даклада беларускаму лідару абмяркоўваліся таксама функцыянальныя абавязкі членаў Прэзідыума УНС, пытанні планавання пасяджэнняў Прэзідыума УНС і самога Усебеларускага сходу. Размова ішла і пра закон аб УНС, прыняты ў лютым 2023 года, у частцы, што датычыцца яго эфектыўнасці. Наконт гэтага Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена задача, каб УНС ні ў якім разе не падмяняў выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўладу, не перашкаджаў працаваць гэтым галінам улады, але, дзе неабходна, падказваў, як зрабіць лепш.

Як расказаў Аляксандр Косінец, арганізацыяй і кіраваннем работы УНС будзе займацца невялікі штат супрацоўнікаў: "Усяго Усебеларускім народным сходам - арганізацыяй і кіраваннем - будуць займацца 14 чалавек, на сённяшні дзень - 11. Гэта вельмі нязначная колькасць людзей, якія будуць цалкам разглядаць усе пытанні: і арганізацыі, і кіравання, і падрыхтоўкі, і сувязі з рэгіёнамі, з дэпутатамі". Дэлегацыі, утвораныя ў абласцях, будуць мець свае камісіі, якія працуюць на грамадскіх пачатках, яны будуць абменьвацца думкамі, уносіць прапановы.

Работа Усебеларускага народнага сходу, усіх яго структур і дэлегатаў будзе шырока асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі. Такі падыход, паводле слоў намесніка старшыні УНС, падтрымаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі