ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 11 жніўня 2022
Мінск Ясна +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 ліпеня 2022, 15:41

Касцевіч расказала, у якіх сітуацыях работнікі прадпрыемстваў змогуць атрымаць дзяржпадтрымку

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работнікі прадпрыемстваў, якія аказаліся ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці або былі звольнены, могуць разлічваць на падтрымку з боку дзяржавы. Аб гэтым паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч па выніках нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку і дадатковыя меры ў сацыяльна-працоўнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыла, што ў сітуацыі, калі на некаторых прамысловых прадпрыемствах ёсць факты няпоўнай занятасці работнікаў, прастою, узнікае неабходнасць максімальна падтрымаць чалавека, у якога ў гэтай сітуацыі, бясспрэчна, упадуць даходы, узровень заработнай платы. Для гэтага быў прапанаваны механізм адраснай сацыяльнай дапамогі. Яна аказваецца канкрэтнаму чалавеку, але закранае ў цэлым і сям'ю, паколькі разлічваецца зыходзячы з сярэднедушавога даходу сям'і.

На разгляд кіраўніка дзяржавы быў вынесены праект адпаведнага закона, аднак па выніках дыскусій прынята рашэнне зафіксаваць дадатковыя меры ў праекце ўказа Прэзідэнта. Падрыхтоўка такога дакумента займае менш часу.

Паводле слоў Ірыны Касцевіч, вырашана адкарэкціраваць дзеючы механізм адраснай сацыяльнай дапамогі ў частцы прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць даход. Калі цяпер трэба прадаставіць дакументы за 12 месяцаў, каб дзяржава аказала падтрымку, то ў новым указе гэты перыяд будзе скарочаны да 3 месяцаў для тых работнікаў, якія апынуліся ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці або былі звольнены. "Тым самым мы адрасна, кропкава дапамагаем чалавеку і яго сям'і вырашыць праблему ў сувязі са зніжэннем даходу", - адзначыла міністр.

Прымаць рашэнне аб аказанні падтрымкі будуць па-ранейшаму органы выканаўчай улады на месцах. "Мы не змяняем гэтыя падыходы. Менавіта там, дзе жыве чалавек, там ведаюць праблему сям'і і чалавека, - растлумачыла міністр. - Чалавеку трэба напісаць заяву, падаць дакументы ў рамках дзяржаўнай паслугі "адно акно", і ўжо адпаведныя органы будуць прымаць рашэнне".

Дадатковыя меры, якія будуць прапісаны ва ўказе, закрануць таксама і працоўныя адносіны работнікаў і наймальнікаў. "Абмяркоўвалася пытанне, як прадаставіць больш шырокія паўнамоцтвы наймальніку, але пры гэтым забяспечыць баланс правоў і абавязкаў наймальніка і чалавека", - звярнула ўвагу Ірына Касцевіч. Да таго, як вынесці прапановы ў гэтай сферы на ўзровень Прэзідэнта, іх абмеркавалі на дыялогавых пляцоўках, у тым ліку ў Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных пытаннях. Быў запыт ад прамысловых прадпрыемстваў па змяненні норм аб істотных умовах працы, звышурочнай рабоце, часовым пераводзе.

Міністр адзначыла, што такі запыт быў і ў 2020-м годзе, калі прамысловасці трэба было аператыўна перабудаваць работу ва ўмовах COVID-19. "Сёння такая неабходнасць таксама ёсць як адказ на санкцыі, якія прыняты адносна нашых прамысловых прадпрыемстваў, - хутка, аператыўна, гібка перабудавацца, каб не страціць працоўныя калектывы, падтрымаць чалавека і пры гэтым забяспечыць работу прадпрыемстваў, перабудаваўшы яго ў бягучых умовах", - сказала яна.

Адносна тэрмінаў прыняцця новага ўказа яна паведаміла: "Як заўсёды, вельмі хутка. Тэрмін у нас адзін - усё робім трэмінова і аператыўна, гэтага патрабуе час".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі