
26 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Усё, што мы робім, толькі дзеля аднаго - каб нашы людзі былі ўпэўнены ў будучым, спакойна маглі гадаваць дзяцей і жыць на роднай зямлі. Такі акцэнт зрабіў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін у час наведвання вучэбных кропак збору "Ваенная бяспека і абарона Рэспублікі Беларусь" у Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка ведамства, з улікам вострай абстаноўкі па знешнім перыметры граніц проста неабходна рэагаваць і ўмацоўваць абарону краіны. "Кіраўнік дзяржавы арыентуе на ўсенароднасць забеспячэння абароны, што дасягаецца з дапамогай тэрытарыяльнай абароны. Мы практычна поўнасцю адпрацавалі ўвесь цыкл падрыхтоўкі закона аб народным апалчэнні, правялі эксперыменты на некаторых сельскіх саветах і бачым, што гэта таксама дае станоўчы вынік. Людзі актыўна адгукаюцца і гатовы ўдзельнічаць у абароне Радзімы", - адзначыў ён.
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што тэрытарыяльная абарона - у аснове забеспячэння міру і спакою на зямлі. "Усё, што мы робім, толькі дзеля аднаго - каб нашы людзі былі ўпэўнены ў будучым, спакойна маглі гадаваць дзяцей і жыць на роднай зямлі", - запэўніў міністр.
На зборы ўдзельнікі коратка падвялі вынікі дзейнасці тэрытарыяльнай абароны за мінулы год, а таксама вызначылі новыя шляхі і напрамкі развіцця на перспектыву.
Пад кіраўніцтвам Віктара Хрэніна ў Гомелі сёння стартаваў штогадовы збор "Ваенная бяспека і абарона Рэспублікі Беларусь". Яго ўдзельнікамі сталі старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, ваенныя камісары рэгіёнаў і сталіцы. Як адзначыў міністр абароны, збор праводзіцца ўжо дзявяты раз. У адпаведнасці з рашэннем кіраўніка дзяржавы такія зборы арганізуюцца ў мэтах павышэння ўзроўню ведаў кіруючага складу абласных, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэтаў у пытаннях абароны дзяржавы і тэрытарыяльнай абароны ў прыватнасці. У праграме - тэарэтычныя і практычныя заняткі, дэманстрацыя эпізоду выканання падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў такіх задач, як вядзенне барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка, і шмат іншага.-0-