ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 верасня 2022
Мінск +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 жніўня 2022, 10:02

Газеце "Звязда" спаўняецца 105 гадоў

Фота з архіва
Фота з архіва

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Газета "Звязда" адзначае сёння 105-годдзе. Першы нумар газеты выйшаў 9 жніўня 1917 года. У 1917 годзе частка нумароў выйшла пад загалоўкамі "Молот" і "Буревестник".

Газета "Звязда" з'яўляецца старэйшым грамадска-палітычным выданнем Беларусі, ёй належыць асаблівая роля ў станаўленні і развіцці айчынных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. На старонках "Звязды" друкаваліся самыя вядомыя беларускія пісьменнікі, такія як Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў. Таксама ў газеце ў розныя гады працавалі і друкаваліся вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Унікальная "Звязда" і тым, што яна адна з першых асвятляла самыя значныя гістарычныя падзеі Беларусі, газета стала сапраўдным летапісам жыцця беларускага грамадства.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца арыгіналы газеты "Звязда" з 1919 года і да гэтага часу.

У час акупацыі Беларусі германскімі войскамі з 1918 года газета выдавалася ў Смаленску, а затым зноў у Мінску. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў выніку акупацыі Мінска яна выдавалася ў Магілёве і Гомелі. З 1944 года "Звязда" зноў стала выдавацца ў Мінску.

У Беларусі былі ўстаноўлены чатыры помнікі падпольшчыкам, якія працавалі над выпускам "Звязды". Мінскія вуліцы названы імёнамі рэдактара падпольнай "Звязды" Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Амельянюка і супрацоўніка даваеннай пары Аляксандра Русановіча. Да 60-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску з'явіўся праспект газеты "Звязда". Газета ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Газета "Звязда" - адзінае штодзённае дзяржаўнае выданне на беларускай мове, заснавальнікамі якога з'яўляюцца Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў.

Сёння газета "Звязда" - шматграннае выданне са сваім адметным, непаўторным стылем, яно паспяхова спалучае традыцыі і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. За больш чым стагадовую гісторыю газета, па сутнасці, ніколі не мяняла сваіх прыярытэтаў, якімі і сёння застаюцца ўсебаковае асвятленне дзяржаўнай палітыкі, дзейнасці кіраўніцтва краіны, органаў дзяржкіравання (у першую чаргу сацыяльнага блока: працы і сацабароны, культуры, адукацыі, аховы здароўя). Таксама адным з асноўных прыярытэтаў у публікацыях і дзейнасці рэдакцыі "Звязды" з'яўляецца захаванне культуры і чысціні беларускай мовы, выхаванне пачуцця гордасці за свой народ, за сваю Радзіму, за яе багатую гісторыю.

Выдавецкі дом "Звязда" быў створаны восенню 2012 года шляхам аб'яднання рэдакцыйна-выдавецкай установы "Литература и искусство" і рэдакцыі газеты "Звязда". Акрамя кнігавыдавецкага блока і штодзённай беларускамоўнай газеты "Звязда", у яго ўвайшлі літаратурна-мастацкія выданні: газета "ЛіМ", часопісы "Полымя", "Нёман", "Маладосць", "Вожык". Усе названыя перыядычныя выданні - з уласнай вялікай творчай гісторыяй, са значным аўтарытэтам у асяроддзі творчай інтэлігенцыі, што дало магчымасць стварыць на базе новай установы цэнтр развіцця і актыўнага прымянення сучаснай беларускай мовы, пляцоўку для творчасці і дыялогу аб нацыянальных каштоўнасцях.

За мінулы з моманту стварэння выдавецкага дома "Звязда" час пашырылася праблемна-тэматычнае поле выданняў - да холдынга далучыліся часопісы "Алеся" (часопіс для жанчын) і "Родная прырода" (навукова-папулярны экалагічны часопіс), а таксама выданні для беларусаў замежжа - газета "Голас Радзімы" і часопіс "Беларусь" (выдаецца на трох мовах: беларускай, англійскай і кітайскай).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі