ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 1 снежня 2021
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 кастрычніка 2021, 17:01

Галоўчанка: праграма крэдытавання айчынных аўтамабіляў Geely будзе прадоўжана ў наступным годзе

15 кастрычніка, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Праграма крэдытавання айчынных аўтамабіляў Geely для фізічных асоб будзе прадоўжана ў наступным годзе. Аб гэтым прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сказаў сёння журналістам у час рабочай паездкі ў Барысаўскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі дзейнічае спецыяльная праграма па крэдытаванні куплі айчынных аўтамабіляў Geely. Асаблівыя ўмовы прадастаўляюцца і для традыцыйнай катэгорыі льготнікаў - шматдзетных сем'яў. "У наступным годзе гэта праграма дакладна будзе дзейнічаць. Цяпер працэнт па крэдыце фактычна ніжэйшы за ўзровень інфляцыі. Усё астатняе кампенсуе дзяржава. Гэта нармальная практыка ў многіх краінах. Напрыклад, у Расіі, дзе часткова дзяржава субсідзіруе першы ўзнос для таго, каб аўтамабілі айчыннай вытворчасці дылеры прадавалі больш актыўна", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на тое, што стаўкі па крэдытах вельмі камфортныя. У тым ліку дзякуючы гэтаму аўтамабілі Geely цяпер займаюць другое месца ў рэйтынгу продажаў у Беларусі.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, "БЕЛДЖЫ" - адзін з самых паспяховых праектаў у прамысловасці, якія былі рэалізаваны ў краіне. "Сёння гэта высокатэхналагічная вытворчасць, дзе выкарыстоўваецца сучаснае абсталяванне, прамысловыя робаты. Аб'ём выпуску прадукцыі пастаянна павялічваецца. У мінулым годзе было выпушчана 20 тыс. машын, у бягучым годзе ў планах вырабіць мінімум 30 тыс. аўтамабіляў. У наступным годзе завод павінен выйсці ўжо на 40 тыс. аўто. Такім чынам, прадпрыемству трэба пераходзіць поўнасцю на двухзменны рэжым, для гэтага патрэбны кадры адпаведнай кваліфікацыі", - расказаў ён.

У прадпрыемства даволі глыбокі ўзровень лакалізацыі - 52 працэнты, добрыя паказчыкі збыту. "Калі раней мы разлічвалі па большай частцы на ўнутраны рынак, то цяпер асноўны аб'ём вырабленай прадукцыі ідзе ў Расійскую Федэрацыю", - адзначыў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі