ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 21 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 верасня 2021, 16:53

Галоўчанка: Брэсцкая крэпасць была і застанецца значнай для ўсіх пакаленняў беларусаў

24 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка наведаў сёння мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты мемарыял меў, мае і, безумоўна, будзе мець значэнне для многіх пакаленняў беларусаў. Цяжка адшукаць у нас у краіне роўнага яму па значнасці, канцэнтрацыі гераізму і мужнасці, любові да Радзімы. Словы абаронцаў крэпасці, якія яны пакінулі на аплаўленых сценах, гінучы за сваю краіну, бясцэнныя для ўсіх жыхароў Беларусі. Напэўна, не адразу гэта разумееш. У кожным узросце адкрываеш у крэпасці для сябе нешта новае. З гадамі мяняецца жыццёвы вопыт, і лепш разумееш, што зрабілі абаронцы для агульнай Перамогі. Упэўнены, гэты мемарыял будзе жыць у вяках", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён дадаў, што легендарная цытадэль з'яўляецца сімвалам нашай краіны.

Сёння ў Брэсце праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю мемарыяла "Брэсцкая крэпасць-герой". Прэм'ер-міністр усклаў кветкі да Вечнага агню. Прысутныя ўшанавалі памяць абаронцаў цытадэлі мінутай маўчання.

Раман Галоўчанка таксама наведаў маладзёжна-патрыятычны цэнтр, які знаходзіцца на Кобрынскім умацаванні. Ён пачаў працаваць у крэпасці тры гады таму. За год яго наведваюць каля 1 тыс. школьнікаў: займаюцца ў гуртках, на вучэбна-трэніровачных зборах, адпачываюць у лагеры на канікулах. З абласнога цэнтр плануюць пераўтварыць у рэспубліканскі. Цяпер выконваюцца праектныя работы, вырашаецца пытанне аб фінансаванні з наступнага года. Трэба правесці рэстаўрацыю двухпавярховай казармы 125-га стралковага палка, казематаў і зрабіць іншыя работы для развіцця інфраструктуры ўстановы.

"Трэба выкарыстоўваць патэнцыял крэпасці, каб унесці новую нотку ў патрыятычнае выхаванне моладзі. Прынята канцэптуальнае рашэнне аб стварэнні рэспубліканскага цэнтра, каб дзеці і падлеткі маглі правесці тут час. Ва ўрадзе абмяркоўваецца праект указа кіраўніка дзяржавы аб стварэнні гэтай установы, фінансаванні і тэрмінах будаўніцтва. Маштабны праект, які будзе рэалізоўвацца чэргамі на працягу пяцігодкі", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Цяперашняя восень асаблівая для цытадэлі над Бугам. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" быў урачыста адкрыты 25 верасня 1971 года. А 8 лістапада 65-годдзе адзначыць Музей абароны. За гэты час тут пабывалі больш за 25 млн турыстаў са 140 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі