
31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб народным апалчэнні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект закона падрыхтаваны Міністэрствам абароны, адобраны пастановай Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь ад 6 сакавіка 2023 года нумар 2 і пасля дапрацоўкі ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 23 мая. Ён накіраваны на ўстанаўленне прававых асноў рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, права на добраахвотны ўдзел у забеспячэнні ваеннага становішча ў Беларусі.
У прыватнасці, праектам закона прадугледжваюцца азначэнне тэрмінаў "народнае апалчэнне", "атрад народнага апалчэння" і "дабраволец народнага апалчэння", агульныя пытанні фінансавага і матэрыяльнага забеспячэння народнага апалчэння, абмежаванні пры залічэнні грамадзян у народнае апалчэнне, а таксама парадак кіраўніцтва народным апалчэннем, фарміравання, камплектавання і дыслакацыі атрадаў народнага апалчэння, выканання імі задач, паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асоб у сферы дзейнасці народнага апалчэння.
Савет Міністраў надзяляецца паўнамоцтвамі па вызначэнні мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да фарміравання народнага апалчэння, праводзімых у мірны час мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, парадку фарміравання (расфарміравання) народнага апалчэння, камплектавання і вядзення ўліку дабравольцаў, залічэння іх у народнае апалчэнне і выхаду з яго. Устанаўліваюцца правы і абавязкі, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны дабравольца, яго адказнасць.-0-