ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 верасня 2023
Мінск Пераменная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 чэрвеня 2023, 15:54

Дажджы з навальніцамі і да +26°С. Якім будзе надвор'е ў Беларусі з 9 па 14 чэрвеня

Фота з архіва
Фота з архіва

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы з навальніцамі і да плюс 26 градусаў прагназуецца ў Беларусі з 9 па 14 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На бягучым тыдні нарэшце пацяплела да кліматычнай нормы, а месцамі сярэднія значэнні нават аказаліся на некалькі градусаў вышэйшымі, чым належыць па календары. Пры гэтым у Беларусі з-за лакальнага і нераўнамернага выпадзення ападкаў па-ранейшаму захоўваецца дэфіцыт вільгаці. За мінулы перыяд па краіне выпала ад 1 да 16 мм ападкаў, і толькі ў Мазырскім раёне за ўчарашні дзень колькасць нябеснай вільгаці перавысіла палавіну месячнай нормы ападкаў", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 9 чэрвеня, ноччу надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, таму істотных ападкаў па краіне не чакаецца. Раніцай і днём месцамі па Беларусі, а па паўднёва-ўсходняй палавіне на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы рознай інтэнсіўнасці. У дзённы час месцамі ў паўднёвых раёнах дажджы будуць дасягаць крытэрыяў моцных, месцамі па краіне прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 9-15 градусаў, месцамі - плюс 6-8 градусаў. Днём паветра прагрэецца да плюс 24-29 градусаў, месцамі па поўначы - да плюс 20-23 градусаў.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у суботу, 10 чэрвеня, ініцыятыву ў надвор'і перахопіць атмасферны фронт з Балтыкі. Перамяшчаючыся праз тэрыторыю нашай краіны, франтальны раздзел абумовіць кароткачасовыя дажджы ўжо ў большасці раёнаў краіны, пры гэтым асноўная порцыя ападкаў і верагоднасць навальніцы прыпадзе на паўднёвы ўсход Беларусі. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад плюс 7 градусаў па поўначы да плюс 16 градусаў па поўдні. Удзень прагназуецца плюс 16-23 градусы, а па захадзе - да плюс 25 градусаў.

У нядзелю, 11 чэрвеня, зона ападкаў будзе размяшчацца па поўдні краіны, на астатняй частцы тэрыторыі з ростам атмасфернага ціску істотных ападкаў не чакаецца. Разам з тым у Беларусь пачне паступаць больш халаднаватая паветраная маса і тэмпературны фон панізіцца. У дзённы час месцамі будзе ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Ноччу слупок тэрмометра пакажа плюс 5-11 градусаў, па поўдні - да плюс 13 градусаў. Удзень тэмпература дасягне плюс 15-22 градусаў.

Паводле папярэдняга прагнозу, з пачаткам рабочага тыдня ўлада над надвор'ем зноў пяройдзе да вобласці павышанага атмасфернага ціску, дзякуючы чаму ў большасці раёнаў распагодзіцца. Толькі па поўдні і паўднёвым захадзе краіны пры лакальным развіцці кучава-дажджавой воблачнасці пройдуць летнія навальнічныя дажджы.

У панядзелак, 12 чэрвеня, чакаецца пераважна без ападкаў, толькі па поўдні краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і пагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 2 градусаў па поўначы да плюс 12 градусаў па поўдні краіны. Днём тэмпература павысіцца да плюс 18-24 градусаў.

У аўторак - сераду, 13-14 чэрвеня, надвор'е будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі па поўдні і паўднёвым захадзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Ноччу тэмпература паветра складзе ад плюс 4 градусаў у паўночна-ўсходніх да плюс 13 градусаў у паўднёва-заходніх раёнах краіны. Днём будзе 19-26 градусаў цяпла, а па паўднёвым захадзе месцамі - плюс 16-18 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі