Сцяг Нядзеля, 14 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 сакавіка 2023, 11:18

ДАСЬЕ: 80 гадоў трагедыі ў Хатыні

У Беларусі сёння аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, якая была спалена фашыстамі 80 гадоў таму, - 22 сакавіка 1943 года. Успамінаючы Хатынь, беларусы ўспамінаюць тысячы іншых беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме "Лампада памяці", прымеркаваным да 78-й гадавіны хатынскай трагедыі, сакавік 2021 года

Ціхую беларускую вёсачку Хатынь ужо не знайсці на карце Беларусі. Гітлераўцы спалілі яе разам са 149 жыхарамі, з якіх 75 дзяцей да 16 гадоў.

Адзіны сведка хатынскай трагедыі Іосіф Іосіфавіч Камінскі расказвае пра страшны сакавіцкі дзень 1943 года, калі была спалена вёска разам з усімі яе жыхарамі, май 1968

Ні ў чым не вінаватым людзям з вёскі Хатынь фашысты вынеслі смяротны прысуд. З хат у вёсцы фашысты выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нядужых падштурхоўвалі прыкладамі. Сагналі ўсіх у хлеў на ўскраіне, у якім некалі захоўвалася сена. Сюды прывялі сем'і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх з 9 дзецьмі, Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх з 7 дзецьмі. У хлеў прыгналі Веру Яскевіч з сямітыднёвым сынам Толікам. Разам з жыхарамі Хатыні ў хлеў прыгналі жыхара вёскі Юркавічы Антона Кункевіча і жыхарку вёскі Камена Хрысціну Слонскую, якія апынуліся ў гэты час у Хатыні.

Дарослыя як маглі супакойвалі дзяцей, але трывога з кожнай хвілінай усё мацней ахоплівала іх. Запёртыя ўнутры, яны не ведалі, што рабілася знадворку. У гэты час некалькі салдат абкладалі сцены хлява саломай, лілі бензін і палілі запалкі. Драўляны хлеў імгненна загарэўся. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі выратаваць дзяцей. Пад напорам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У палаючым адзенні, апанаваныя жахам людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты спакойна расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.

Напярэдадні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылася закладка ва урны мемарыяльнага комплексу "Хатынь" зямлі з 136 беларускіх вёсак, поўнасцю знішчаных фашысцкімі акупантамі і не адроджаных пасля вайны, ліпень 1969

Сакавіцкі дзень 1943 года стаў апошнім днём 149 хатынцаў. У полымі зніклі 26 дамоў. На месцы лясной вёскі засталося папялішча ды сіратліва тырчалі коміны.

На месцы вёскі ў памяць аб загінулых быў створаны мемарыяльны комплекс "Хатынь". Рашэнне аб будаўніцтве мемарыяла было прынята ў 1966 годзе. Ініцыятарам яго стварэння быў першы сакратар ЦК БССР Пётр Машэраў. У агульным конкурсе на лепшы праект помніка жыхарам спаленай вёскі перамог калектыў архітэктараў, сярод якіх былі Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, а таксама скульптар Сяргей Селіханаў.

Выступае заслужаны архітэктар Беларусі, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Юрый Градаў, сакавік 2016

Капсула з зямлёй Хатыні

Першапачаткова меркавалася, што на месцы трагедыі ўзнікне мемарыял толькі спаленай Хатыні. Аднак затым праект быў перагледжаны і Хатынь стала помнікам усім спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам Беларусі.

Работа над праектам захапіла архітэктараў. Былі прыдуманы вянкі зрубаў на месцы былых хат, абеліскі ў выглядзе комінаў, а таксама званы Хатыні, якія гудуць над Беларуссю, расказваючы ўсяму свету аб трагедыі беларускіх вёсак.

Будавалі мемарыял усёй грамадой. Граніт быў прывезены з кар'ераў Украіны, белы мармур з Расіі. Першая чарга была завершана ў канцы 1968 года. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь", 5 ліпеня 1969 года

Урачыста-жалобны мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнага комплексу "Хатынь", ліпень 1969 года

Тэматычна хатынскі мемарыял складаецца з некалькіх частак, але мае адзінае кампазіцыйнае рашэнне, якое паўтарае планіроўку былой вёскі. У цэнтры комплексу - бронзавая скульптура "Няскораны чалавек", вышыня якой складае больш за 6 м. Гэта сімвал чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго цераз гады, увасабляючы вечны праклён фашызму, праклён любому злу на зямлі. Гэта зборны вобраз беларускага селяніна. Яго правобразам стаў сведка хатынскай трагедыі Іосіф Камінскі, які цудам застаўся жывы. Ён, абгарэлы, ранены, выбраўся з палаючага хлява і сярод трупаў аднавяскоўцаў знайшоў скалечанае цела свайго сына.

Побач са скульптурай - злучаныя гранітныя пліты, што нагадваюць дах хлява, у якім карнікі спалілі жыхароў Хатыні. На брацкай магіле мармуровы Вянок памяці з сімвалічным зваротам загінулых да жывых з просьбай берагчы мір і спакой на зямлі: "Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць Вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала!". З другога боку Вянка - адказ жывых загінулым: "Родныя Вы нашы. У смутку вялікім схіліўшы галовы, стаім перад Вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў Вашай любові да Савецкай Радзімы навек незгасальна. Памяць пра Вас у нас назаўсёды, як неўміручая наша зямля і як вечна яркае сонца над ёю!"

Cімвалічны дах на месцы хлява, у якім фашысты спалілі жыхароў вёскі

Былая вуліца вёскі выкладзена шэрымі, пад колер попелу, жалезабетоннымі плітамі. У тых месцах, дзе раней былі вясковыя хаты, пастаўлена 26 сімвалічных бетонных ніжніх вянкоў зрубаў і столькі ж абеліскаў, што нагадваюць коміны, абпаленыя агнём. Перад кожнай са спаленых хат устаноўлена адкрытая брамка як сімвал гасціннасці жыхароў вёскі. На трубах-абелісках - бронзавыя таблічкі з імёнамі тых, хто нарадзіўся і жыў у гэтай хаце, а пазней загінуў у палоне агню. Над кожным абеліскам зверху - хатынскі звон.

На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце Могілкі вёсак - 185 сімвалічных магіл, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але так і не адноўленых беларускіх вёсак. 186-я неадроджаная вёска - гэта сама Хатынь. Кожная сімвалічная магіла спаленай вёскі ўяўляе сабой папялішча, у цэнтры якога размешчаны п'едэстал у выглядзе языка полымя - сімвал таго, што паселішча было спалена. Тут жа ў жалобнай урне захоўваецца зямля са знішчанай карнікамі вёскі.

Яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу - Дрэва жыцця, на галінах якога ў алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, спаленых акупантамі разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны. На мемарыяльнай Сцяне памяці ўстаноўлены памятныя пліты з назвамі 260 лагераў смерці і месцаў, дзе фашысты масавага знішчалі на тэрыторыі Беларусі людзей. У памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь.

Кожны з элементаў хатынскага мемарыяла мае сваю сімволіку, у якой глыбокі сэнс і арыгінальнае рашэнне тэмы перажытай жыхарамі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны трагедыі, няскоранасці і мужнасці беларускага народа.

Зборнік дакументаў і матэрыялаў "Хатынская Сцяна памяці"

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была праведзена рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь". 24 красавіка 2004 года, у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у работах па аднаўленні мемарыяльнага комплексу.

Рэканструкцыя была завершана да 25 чэрвеня 2004 года. 1 ліпеня 2004 года ў Хатыні адбыўся ўрачысты мітынг. Комплекс "Хатынь" наведалі лідары Беларусі, Расіі і Украіны.

Хатынь, ліпень 2004 год

18 сакавіка 2023 года на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылася цырымонія асвячэння царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. Боскую літургію правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін. Як расказаў дырэктар мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Артур Зельскі, яны пастараліся узнавіць той храм, які быў тут раней, але ў час вайны быў знішчаны фашысцкімі захопнікамі. Пабудаваць копію царквы ўдалося дзякуючы таму, што ў Нацыянальным гістарычным архіве захаваліся апісанні хатынскага храма канца XVIII стагоддзя.

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы

У час цырымоніі асвячэння храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Хатыні, сакавік 2023

У дзень 80-й гадавіны трагедыі вёскі Хатынь, 22 сакавіка, у мемарыяльным комплексе адбудзецца адкрыццё экспазіцыі новага Музея памяці ахвяр беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай войны. Артур Зельскі расказаў, што экспазіцыя ў новым музейным будынку поўнасцю зможа перадаць увесь жах Вялікай Айчыннай вайны і трагедыю беларускага народа і ў гэтым дапамогуць сучасныя сродкі. Таксама ў гэты дзень пройдзе памятнае мерапрыемства: мітынг-рэквіем.

У сталіцы 22 сакавіка ўшануюць мінутай маўчання памяць ахвяр трагедыі ў Хатыні і ахвяр генацыду беларускага народа. У 12.00 ва ўстановах адукацыі і арганізацыях горада прагучыць метраном. Таксама ва ўсіх раёнах Мінска ў гэты дзень пройдуць народныя ўскладанні да помнікаў ахвярам генацыду, брацкіх магіл і мемарыялаў. Акрамя таго, у гадавіну трагедыі ў мемарыяльны комплекс будзе арганізаваны маршрут аўтобуса Мінск - мемарыяльны комплекс "Хатынь". Першы аўтобус адправіцца ў 12.30 са станцыі метро "Усход", а апошні - у 17.30.

Сёння ў Хатынь едуць людзі з розных краін, каб аддаць даніну памяці ўсім загінулым у полымі ваеннага ліхалецця беларусам. За гады існавання гэтага велічнага архітэктурна-мастацкага ансамбля яго наведалі каля 40 млн чалавек з больш як 100 краін. Сярод ганаровых наведвальнікаў мемарыяла - Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, Маўна Койвіста, Ху Цзіньтаа.

Член брытанскай каралеўскай сям'і прынц Майкл Кенцкі наведаў мемарыяльны комплекс "Хатынь", кастрычнік 2016

Знаходжанне ў Беларусі другога сакратара ЦК Кампартыі Кубы, першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба таварыша Рауля Кастра, снежань 1976

Прэзідэнт Фінляндскай Рэспублікі Урхо Калева Кеканен у мемарыяльным комплексе "Хатынь", май 1977 года

Муніцыпальная дэлегацыя горада Луанды (Ангола) у мемарыяльным комплексе "Хатынь", верасень 1977 года

Комплекс "Хатынь" уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. У ДМК "Хатынь" ёсць два філіялы: мемарыяльныя архітэктурна-скульптурныя комплексы "Дальва" і "Курган Славы". Комплекс "Дальва" ўвекавечыў памяць аб жыхарах вёскі Дальва, спаленай разам з жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года. Сучасны мемарыял адкрыты 15 ліпеня 1973 года. Курган Славы створаны ў гонар завяршэння аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў "Баграціён". Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1969 года. Абодва мемарыялы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Трагедыя Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі тысячы вёсак нашай краіны. Згодна з апошнімі даследаваннямі, у Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было разбурана і спалена не менш як 216 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9 тыс. вёсак. Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўлены.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі