Сцяг Субота, 15 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2024, 14:39

Больш за 3 тыс. выпадкаў у год: у Беларусі расце колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл

Фота з архіва
Фота з архіва
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі расце колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі па гэтай тэме расказаў намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб'ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Сцяпан Гузней, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Неабходна адзначыць, што існуючыя даныя ўказваюць на тэндэнцыю штогадовага росту фактаў такіх ДТЗ. Калі ў 2021 годзе было зарэгістравана 2978 фактаў, то ў 2022-м - ужо 3012 выпадкаў. У мінулым годзе статыстыка зафіксавала 3374 ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл нарміруемых відаў. За чатыры месяцы гэтага года адзначана 1040 аварый, у выніку якіх загінулі 1057 жывёл. Рост у параўнанні з 2023-м складае 9 працэнтаў. Тэндэнцыя росту захоўваецца і цяпер", - адзначыў прадстаўнік Дзяржінспекцыі.

Часцей за ўсё ў ДТЗ трапляюць ласі і казулі. Гэтыя віды фігуруюць у 90 працэнтах усіх аварый з дзікімі жывёламі.

"Такая сітуацыя паўтараецца з году ў год. Так, у 2023 годзе на дарогах загінулі 2264 казулі і 915 ласёў. Акрамя таго, маюць месца факты ДТЗ з кабанамі, аленямі. Радзей у аварыі трапляюць лані, бабры, выдры. У гэтым годзе, напрыклад, адзначаем усплёск інцыдэнтаў з высакароднымі аленямі, адваротная сітуацыя назіраецца з кабанамі", - дадаў Сцяпан Гузней.

Часцей за ўсё аварыі з дзікімі жывёламі адбываюцца ў Мінскай і Гродзенскай абласцях.

"У прысталічным рэгіёне ў мінулым годзе зафіксавана 956 фактаў, што складае каля 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. У Гродзенскай вобласці адзначана 580 ДТЗ або 17 працэнтаў. Найменшая колькасць такіх ДТЗ фіксуецца ў Брэсцкай вобласці - 380 выпадкаў. Найбольшая колькасць аварый адбываецца ў другім і чацвёртым кварталах года. Што датычыцца часу сутак, то часцей інцыдэнты здараюцца ноччу", - падкрэсліў спецыяліст.

У выпадку выяўлення загінулых або параненых жывёл, чалавек павінен па магчымасці паведаміць карыстальніку землеўгоддзяў або звярнуцца ў мясцовае аддзяленне ўнутраных спраў.

"Заканадаўствам забараняецца самавольная здабыча, разбіранне, транспарціроўка і іншыя маніпуляцыі. Парушэнне прыводзіць да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці", - сказаў на заканчэнне Сцяпан Гузней.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі