ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 лютага 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 лістапада 2022, 17:43

Беларусь і Кітай да 2024 года плануюць рэалізаваць 35 навукова-тэхнічных праектаў

Фота ДКНТ
Фота ДКНТ

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай да 2024 года плануюць рэалізаваць 35 навукова-тэхнічных праектаў. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў падчас чацвёртага пасяджэння камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.

Сяргей Шлычкоў адзначыў, што рэалізацыя праектаў з Кітаем павінна быць цікавая, выгадная і адобрана абедзвюма краінамі. "Па выніках конкурсу, які праводзіўся ў два этапы ў Шанхаі, былі адобраны 35 праектаў для рэалізацыі ў 2022-2024 гадах. Крыніцы аб'ёмаў фінансавання і нарматыўна-прававая база дазваляюць даследчыкам і распрацоўшчыкам з абедзвюх краін удзельнічаць ва ўзаемавыгадных і цікавых напрамках у галіне развіцця навукі і тэхнікі, - расказаў старшыня ДКНТ. - Адобраныя на конкурсе праекты былі прадстаўлены ў самых прыярытэтных для Беларусі і Кітая напрамках, якія пералічаны ва ўказе Прэзідэнта ад 7 мая 2020 года нумар 156 "Аб прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021-2025 гады". У Кітаі ёсць аналагічныя дакументы і адпаведныя органы, якія займаюцца вызначэннем прыярытэтных напрамкаў навуковага і тэхнічнага развіцця".

Асноўнымі прыярытэтамі навукова-тэхнічнага развіцця Беларусі вызначаны лічбавыя інфармацыйна-камунікацыйныя і міждысцыплінарныя тэхналогіі, заснаваныя на іх вытворчасці, біялагічныя, медыцынскія, фармацэўтычныя і хімічныя тэхналогіі і вытворчасці, энергетыка, будаўніцтва, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне, машынабудаванне, машынабудаўнічыя тэхналогіі, прыборабудаванне і інавацыйныя матэрыялы, а таксама іншыя. "Арыентуючыся на ўсе прыярытэты, былі выкананы неабходныя працэдуры па адборы сумесных праектаў. Мы супаставілі жаданні дзвюх краін і гэта карэляцыя выйшла на 35 праектаў. Мы можам канстатаваць дадатную дынаміку ў рамках нашага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, калегі з Кітая далі згоду на праекты, рэалізацыя якіх запланавана з 2024 года. Плануецца мінімум 20, але, як паказвае практыка, іх будзе больш", - расказаў кіраўнік ДКНТ.

Сяргей Шлычкоў адзначыў, што стратэгічныя прыярытэтныя напрамкі развіцця навукі і тэхналогій Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі на сярэднетэрміновы перыяд шмат у чым супадаюць. "Таму можна з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі і Кітая існуе вялікі патэнцыял для рэалізацыі сумесных праектаў па шэрагу напрамкаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць", - дадаў ён.

На пасяджэнні беларускі бок праінфармаваў кітайскіх калег аб навукова-тэхнічным і інавацыйным развіцці краіны, развіцці інавацыйнай інфраструктуры, а таксама паведаміў аб апошніх дасягненнях у галіне навукі і тэхналогій. Прадстаўнікі КНР у сваю чаргу расказалі аб выніках работы ХХ Усекітайскага з'езда Камуністычнай партыі, у прыватнасці па пытаннях навукі і тэхнікі, адукацыі і чалавечага развіцця, а таксама паведамілі аб змесце нацыянальнага плана 14-й пяцігодкі па напрамку міжнароднага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Кітайскі бок выказаў упэўненасць у развіцці супрацоўніцтва ў сферы навукі і інавацый.

Акрамя таго, прадстаўнікі Беларусі і Кітая адзначылі важнасць выкарыстання анлайн-тэхналогій для арганізацыі навукова-тэхнічных мерапрыемстваў ва ўмовах дзеючых абмежаванняў, звязаных з COVID-19. Удзельнікі пасяджэння выказалі надзею на больш хуткае аднаўленне вочнага правядзення мерапрыемстваў, што дасць магчымасць павысіць іх эфектыўнасць.

Па выніках мерапрыемства бакі дамовіліся правесці пятае пасяджэнне камісіі ў 2024 годзе ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі