ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 сакавіка 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 студзеня 2023, 13:21

Алейнік: Беларусь уносіць паслядоўны ўклад у міжнародныя намаганні па захаванні памяці аб ахвярах халакосту

Сяргей Алейнік. Фота з архіва
Сяргей Алейнік. Фота з архіва

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту, які штогод адзначаецца 27 студзеня, трывала ўвайшоў у лік важнейшых памятных дат, абвешчаных ААН. Аб гэтым гаворыцца ў звароце міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргея Алейніка, які быў зачытаны ў Віцебску ў час памятнай цырымоніі ўручэння грамат і медалёў праведнікаў народаў свету, прымеркаванай да Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сённяшняе мерапрыемства - гэта сведчанне гістарычна непарыўнага і дружалюбнага характару адносін паміж народамі Беларусі і Ізраіля. Гэта паслядоўны ўклад беларускай дзяржавы ў міжнародныя намаганні па захаванні памяці аб ахвярах халакосту, - адзначыў Сяргей Алейнік. - У Беларусі нязменна шануюць памяць аб родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых нам людзях, якія сталі ахвярамі бесчалавечных тэорый расавай перавагі аднаго народа над іншымі".

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што наша краіна не па чутках ведае цану вайны, страціўшы ў ёй трэць свайго насельніцтва. Болем у сэрцы адгукаецца смерць кожнага грамадзяніна, які стаў ахвярай халакосту, генацыду беларускага народа і іншых нацысцкіх злачынстваў.

Гэта памятная дата чарговы раз падкрэслівае цесную сувязь лёсаў людзей самых розных нацыянальнасцей, на долю якіх выпала выпрабаванне вайной. У самыя цяжкія гады - у перыяд Вялікай Айчыннай вайны - мільёны жыхароў Беларусі, уключаючы сотні тысяч прадстаўнікоў яўрэйскага народа, зведалі бесчалавечныя выпрабаванні, сталі пакутнікамі і героямі.

"Мы бясконца ганарымся сваімі суайчыннікамі, якія, рызыкуючы і ахвяруючы многім, працягнулі руку дапамогі суседзям ці зусім незнаёмым ім асобам з яўрэйскай крывёю ў гады той жахлівай вайны, адзначыў міністр. - Мы ўдзячны за тое, што мемарыяльны комплекс Яд Вашэм адзначыў гэтыя геройскія ўчынкі. Сотні беларусаў маюць званне праведніка народаў свету".

Ён лічыць сімвалічным, што ізраільскі бок, прадаўжаючы сваю карпатлівую работу па дакументаванні прыкладаў гераізму, сёння зноў уручыць узнагароды нашчадкам беларусаў, чые подзвігі ў імя чалавецтва і чалавечнасці цяпер будуць адзначаны гэтым высокім званнем і міжнародным прызнаннем.

"Наша агульная задача - зрабіць так, каб захаваць гістарычную памяць і пацвердзіць выключную важнасць непарушнай ісціны аб недапушчальнасці перапісвання вынікаў Другой сусветнай вайны. Прытрымліванне гэтай мэты з'яўляецца залогам адзінага разумення ўсімі, хто жыве цяпер, і перш за ўсё маладымі пакаленнямі, сапраўдных прычын і прыроды войнаў, а таксама ўмовай для іх папярэджання", - адзначыў Сяргей Алейнік.

Кіраўнік ведамства звярнуў увагу, што 2023 год аб'яўлены Прэзідэнтам Беларусі Годам міру і стварэння. "Беларусь прадоўжыць выступаць за аднаўленне і ўмацаванне непадзельнай і ўзаемазвязанай архітэктуры глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, якая дае магчымасць гарантаваць кожнаму чалавеку права на жыццё і свабоду творчай працы", - заявіў міністр замежных спраў.

"Дазвольце зноў выказаць нязменную павагу і аддаць даніну памяці ўсім, хто зведаў на сабе, прама ці ўскосна, трагедыю халакосту. Няхай нашы будучыя пакаленні будуць жыць шчасліва, у міры і дабры", - рэзюмаваў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі