Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 сакавіка 2023, 13:04

"Усё сканцэнтравана ў вашых руках, бярыце і дзейнічайце". На што арыентаваў Лукашэнка новых упраўленцаў на месцах

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, разгледзеўшы кадравыя пытанні, даў згоду на назначэнні ў кіраўніцтве шэрага абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Задачы, мужыкі, усе ведаеце. Я не раз аб гэтым гаварыў, - звярнуўся да ўпраўленцаў на месцах Прэзідэнт. - Год асаблівы. Усім трэба падрыхтавацца да палітычных кампаній".

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць на пытанні, якія ставіць насельніцтва. Разам з тым гэта не здымае з людзей абавязкаў самастойна вырашаць асноўныя жыццёвыя пытанні і не чакаць дапамогі ўлад у дробных бытавых справах, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Глядзіце за цэнаўтварэннем. Глядзіце за праблемамі ЖКГ, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Пытанне сельскай гаспадаркі - гэта дакладна ваша кампетэнцыя. Адзін інвестыцыйны праект - адзін раён - гэта ваша задача. Мы гэтага не забудзем і перш за ўсё я. Гэта маё асабістае даручэнне кожнаму старшыні райвыканкамаў. Трэба бегаць хутка па краіне, шукаць інвестараў. У гэтым годзе вы павінны далажыць аб рэалізацыі гэтага праекта". Пры гэтым маштабы праекта павінны залежаць ад рэзерву свабоднай рабочай сілы ў рэгіёне.

У полі зроку мясцовай улады заўсёды павінны знаходзіцца і пытанні развіцця вытворчай базы, перакананы кіраўнік дзяржавы. "Рынкі адкрыты, асабліва велізарны расійскі рынак. Усім трэба варушыцца, не толькі абласной уладзе, але і старшыням гар- і райвыканкамаў, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Райвыканкамы ў нас не задзейнічаны на ўсю моц, яны недагружаны ў гэтым плане. Патрабавальнасць у гэтым ключы будзе толькі ўзрастаць".

Звяртаючыся да Сяргея Лабадзінскага, які ўзначаліць Брэсцкі гарвыканкам, а да гэтага працаваў кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама, Прэзідэнт спытаў: "Я так разумею, Сяргей Мікалаевіч, вы чалавек перспектыўны, ведаеце ўсе вузкія месцы, недахопы. І ў Брэсце гэта будзе выпраўлена?"

"Так, Аляксандр Рыгоравіч", - сцвярджальна адказаў новы мэр горада.

Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу папярэдзіў, што летам або восенню бягучага года мае намер наведаць Брэст і праверыць, як там наладжана работа ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. "Пакуль да Брэсцкай вобласці прэтэнзій увогуле вялікіх няма. Вы, магчыма, нават не горш працуеце, чым іншыя вобласці. Але тым не менш..." - заўважыў Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся матывацыяй Сяргея Ермаліцкага, які вырашыў змяніць работу старшынёй Гомельскага райвыканкама на пасаду кіраўніка Круглянскага райвыканкама.

"Магілёўскі рэгіён для мяне - гэта малая радзіма. Хацелася б папрацаваць на Магілёўшчыне", - растлумачыў Сяргей Ермаліцкі. Менавіта ў гэтым рэгіёне ён правёў асноўныя гады сваёй працоўнай дзейнасці, ведае яго спецыфіку і ўпэўнены, што, выкарыстоўваючы раней набыты вопыт, здолее прынесці карысць раёну і садзейнічаць яго прагрэсу.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў асобным аспектам развіцця Гомельскай вобласці. Пасля нарады ў лістападзе 2022 года, дзе дэталёва абмяркоўваўся стан спраў у рэгіёне і асабліва ў АПК, былі дадзены канкрэтныя даручэнні, каб пераламаць негатыўныя тэндэнцыі і выйсці на стабільную работу.

"Праблемы ведаеш. Адыходзіць няма куды. Гэты год паказальны. Тое, што ты становішся побач з губернатарамі і будзеш несці адказнасць, - гэта добра. Але ты ж разумееш адказнасць? - звярнуўся Прэзідэнт да Дзмітрыя Петражыцкага, які ўзгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. - Далей ужо няма куды. Таму настройвайся адразу разам з Іванам Іванавічам Крупко (губернатарам Гомельскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) на ваенны лад і пачынайце разгортвацца як трэба".

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ходам пасяўной кампаніі ў Гомельскай вобласці, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці захавання тэхналогій і якаснай падрыхтоўкі глебы для пасеваў. "Калі своечасова цяпер падкорміце, па-сапраўднаму, - будзеце мець ураджай. Не падкорміце - ураджаю не будзе. У гэтым асаблівасць і ўсёй Беларусі: своечасова падкарміць азімыя, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я за некаторымі палямі назіраю. Дзе падкармілі дні 4-5 таму, у гэтыя цёплыя дні, - зялёныя ўсе палі стаяць. І рапс патроху ўжо зелянее. Я яшчэ раз настойваю на тым, каб было ваеннае становішча ў гэтым плане. Дзень і ноч трэба працаваць, але своечасова падкарміць". Каб гэтага дабіцца, безумоўна, патрэбны рабочыя рукі, таму мэтазгодна матываваць людзей, у тым ліку і матэрыяльна, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Падагульніўшы ўсё сказанае, Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу: "Усё сканцэнтравана ў вашых руках. Бярыце і дзейнічайце. Ківаць няма на каго. Час будзе няпросты. Таму я пераканаўча прашу: не расслабляйцеся".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі