
5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны - захавальнікі праўды і процівага тым, хто адмаўляе генацыд беларускага народа і абяляе нацызм. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі рады, што сёння ў гэтай зале ёсць цудоўная жанчына, якая належыць менавіта да ваеннага пакалення. Гэта Валянціна Баранава. Франтавічка, якая дайшла да Прагі, тэлеграфістка, спартсменка. Валянціна Пятроўна, у лістападзе вам спаўняецца 5 разоў па 20. Можна толькі марыць!" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Валянціна Баранава ўдзельнічае ў рабоце савета ветэранаў Гродна, вядзе актыўны лад жыцця. У яе асобе Прэзідэнт падзякаваў усім ветэранам і ўдзельнікам вайны. "Нізкі паклон тым, хто змагаўся на фронце, змагаўся з ворагам на акупіраванай тэрыторыі, выжываў у канцлагерах, самааддана працаваў у тыле", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"І ў мяне ёсць да вас вялікая просьба, нават баявое заданне: жывіце як мага даўжэй, працягвайце выхоўваць нашу моладзь. Без вас нам будзе вельмі цяжка, - звярнуўся да ветэранаў Аляксандр Лукашэнка. - Такія людзі, як вы, цяпер на вагу золата. Вы - захавальнікі праўды. Вы - процівага тым, хто адмаўляе генацыд беларускага народа, абяляе нацызм, якое аблічча ён ні прымаў бы".
Валянціна Баранава ў сваю чаргу прызналася, што рада бачыць Прэзідэнта не на экране, а ўжывую. "Дзякуй вам вялікі за тое, што наша Беларусь за час вашага праўлення стала моцнай і свабоднай, незалежнай, квітнеючай і міратворчай рэспублікай. Гэта самае галоўнае!" - падкрэсліла яна.
Ветэран таксама звярнулася і да ўдзельнікаў цырымоніі: "Родныя мае, і вам дзякуй вялікі! Вы тое пакаленне, якое прыйшло на змену нашым пакаленням - удзельнікам вайны. Мы пойдзем з жыцця, вы застаняцеся. І будзеце разам з Аляксандрам Рыгоравічам прадаўжаць будаваць наша мірнае, шчаслівае жыццё".-0-