ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 ліпеня 2022, 14:50

Што зменіцца ў распараджэнні дзяржмаёмасцю. На нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі асноўныя падыходы

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў абмяркоўваўся праект указа "Аб распараджэнні маёмасцю". Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў адказных службовых асоб аб сутнасці навацый і падкрэсліў, што ўнясенне змяненняў не павінна адмоўна паўплываць на сістэму прыняцця рашэнняў па распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Дзяржкаммаёмасці Дзмітрый Матусевіч на нарадзе далажыў, што праект указа ўстанаўлівае адзіныя падыходы да распараджэння дзяржмаёмасцю і маёмасцю гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы. Ён растлумачыў, што размова ідзе пра аб'екты нерухомай маёмасці, капітальныя пабудовы, дамы, вытворчасці, заводы, дарогі і гэтак далей.

"Гэта ўсё сёння рэгулюецца, толькі вы вырашылі прапанаваць мне ўказам удасканаліць гэты працэс рэгулявання, так?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Правільна, - адказаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці. - Мы падрыхтавалі зводны праект указа, які грунтуецца на ўказе нумар 169, які нядрэнны і ў цэлым працуе".

"Гэты ўказ вас ужо ў нейкай частцы не задавальняе і вы прапануеце крыху змяніць былы парадак?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Са старога ўказа 80 працэнтаў застанецца. Асобныя элементы, зыходзячы з тых тэндэнцый, якія назіраюцца, мы прапануем скарэкціраваць", - растлумачыў Дзмітрый Матусевіч.

Паводле яго слоў, актуальныя тэндэнцыі ў сферы кіравання дзяржмаёмасцю сведчаць аб зніжэнні інтарэсу да набыцця невыкарыстоўваемай дзяржмаёмасці. "Дзякуючы рабоце па выяўленні і пашпартызацыі аб'ектаў, па рабоце са старымі і пустуючымі дамамі, а таксама ў сувязі з новым будаўніцтвам аб'ёмы дзяржмаёмасці ў нас нават павялічваюцца. Штогод з дзяржаўнай уласнасці выбывае ад 1,2 тыс. да 1,8 тыс. аб'ектаў плошчай да 1 млн кв.м. Попыт на гэтыя аб'екты знізіўся ў 2020 годзе на трэць і пакуль не аднаўляецца. Застаюцца незапатрабаванымі 3,3 млн кв.м, або 2,7 працэнта ад агульнай дзяржаўнай нерухомай маёмасці, - праінфармаваў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці. - Нават калі ўлічыць, што асноўная маса такіх аб'ектаў з'яўляецца аб'ектамі сельгаспрызначэння, сацыяльнай сферы, былымі ваеннымі аб'ектамі, мы лічым, што ў тым ліку дзякуючы ўдасканаленню нарматыўнай прававой базы магчыма стварэнне новых стымулаў для ўключэння такой маёмасці ў гаспадарчы абарот і для рэгіянальнага развіцця. Таму і быў падрыхтаваны праект указа".

У распрацаваным дакуменце ў цэлым захоўваюцца кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы адносна адчужэння і залогу, перадачы ў давернае кіраванне прадпрыемстваў, набыцця за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту нерухомай маёмасці і акцый.

"Больш таго, у праекце змешчана норма аб магчымасці прыняцця Прэзідэнтам любога рашэння аб распараджэнні маёмасцю. Такім чынам захоўваецца непахіснасць падыходаў у сферы прыватызацыі і выкарыстання бюджэтных сродкаў", - падкрэсліў Дзмітрый Матусевіч.

Якіх паўнамоцтваў можа пазбавіцца Прэзідэнт?

У ліку навацый - дэлегаванне паўнамоцтваў ад Прэзідэнта Савету Міністраў па перадачы акцый, долей у статутных фондах гаспадарчых таварыстваў з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць. Як растлумачыў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці, гэта дасць магчымасць зрабіць больш эфектыўным кіраванне, паколькі ўсё будзе сканцэнтравана ў адных руках - або ў камунальных прадпрыемстваў, або ў рэспубліканскіх. Паводле даных за 12 гадоў, было 61 рашэнне Прэзідэнта па 860 такіх выпадках.

"Навошта мы сёння ўрываемся ў гэту сферу і перадаём ад Прэзідэнта ўраду рашэнне аб перадачы гэтай уласнасці? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ж рэдкі выпадак".

Развіваючы гэту тэму, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяперашняя сістэма дзейнічае як своеасаблівы фільтр, яна шматступеньчатая і дае магчымасць якасна і ўсебакова прымаць важныя рашэнні па распараджэнні ўласнасцю. "У чым пытанне: Прэзідэнт прымае рашэнне або ніжэйшы ўзровень улады - адказнасць іншая. Калі віцэ-прэм'еру Назараву прыходзіць дакумент і ён разумее, што гэта не заўтра ва ўрадзе прымуць рашэнне, а трэба яшчэ Прэзідэнту данесці, а там яшчэ і Герасімаў і іншыя падключацца... Што Прэзідэнт наогул можа адхіліць гэту прапанову... Ужо адказнасць іншая, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Вось што мы можам пры гэтым страціць".

Дзмітрый Матусевіч лічыць, што цяпер такая "фільтрацыя" рашэнняў неактуальная, таму што "няма масавых спроб перадачы акцый некуды", а перадаваць кропкава невялікія пакеты акцый можна без узгаднення з Прэзідэнтам.

"Трэба мець на ўвазе, што цяпер масава гэтага няма, таму што трэба ісці да Прэзідэнта, а калі гэтага не будзе, можа з'явіцца нейкая масавасць, што дапусціць нельга", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Дзяржкаммаёмасці адзначыў, што рашэнні аб перадачы акцый будуць прымацца ўрадам шляхам узгаднення адпаведнага праекта пастановы з усімі зацікаўленымі, у тым ліку і з КДК. Так прадугледжана ў праекце ўказа. "Фільтр будзе працаваць на пэўным узроўні", - запэўніў ён.

Ці можна даверыць міністрам пытанні адчужэння маёмасці?

Ёсць у праекце ўказа блок паўнамоцтваў, якія перадаюцца ад Савета Міністраў дзяржаўным органам і арганізацыям - гэта пытанні па адчужэнні нерухомай і рухомай маёмасці і перадачы яе ў залог. У 2021 годзе былі прыняты рашэнні па 236 такіх аб'ектах дзяржуласнасці.

"Таксама прапануецца вызначаць пазіцыі прадстаўнікоў дзяржавы на ўзроўні міністраў, а не на ўзроўні ўрада, па пытаннях адчужэння нерухомай маёмасці коштам больш за 10 тыс. базавых велічынь. Такіх рашэнняў было прынята 125 з 2010 года, і ў кожным з іх магло быць некалькі пазіцый прадстаўнікоў дзяржавы, але пры гэтым адчужалася ў лепшым выпадку палова", - сказаў Дзмітрый Матусевіч. Акрамя таго, на прыняцце рашэння ішоў як мінімум адзін квартал.

Кіраўнік дзяржавы не выказаў пярэчанняў наконт гэтага, але прапанаваў дапоўніць праект указа нормай аб тым, што міністры змогуць прымаць рашэнні аб адчужэнні маёмасці толькі па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады.

"Гэта крыху зацягне працэдуру", - выказаў меркаванне кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

"Працэдуру зацягне, калі міністр ненастойлівы будзе, а губернатары будуць цяганіну разводзіць (у чым я сумняваюся, галоўны ўсё роўна міністр). Але такім чынам ён давядзе да ведама Караніка, Турчына або Кухарава, што на яго тэрыторыі будуць нейкія маніпуляцыі з маёмасцю", - сказаў Прэзідэнт.

Пашырэнне паўнамоцтваў мясцовай улады

Асобны блок праекта ўказа прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых саветаў дэпутатаў у частцы ўключэння капітальных пабудоў у гаспадарчы абарот і магчымасці іх продажу за адну базавую велічыню.

Паводле даных Дзяржкаммаёмасці, дзве трэці невыкарыстоўваемай маёмасці знаходзіцца ў веданні мясцовых улад. Цяпер за адну базавую велічыню прапануецца больш за 230 невыкарыстоўваемых аб'ектаў з абавязковымі ўмовамі продажу. Але ажыятажнага попыту няма (з 2015 года прададзена 1,8 тыс. аб'ектаў). Затое ёсць негатыўны вопыт парушэння гэтых абавязковых умоў. Былі выпадкі, калі тых, хто набыў маёмасць за адну базавую велічыню, штрафавалі за невыкананне такіх умоў, а памер штрафу - 100 працэнтаў ацэначнага кошту маёмасці.

У праекце ўказа прапануецца надзяліць мясцовыя саветы дэпутатаў паўнамоцтвамі, каб яны маглі самі вызначаць абавязковыя ўмовы продажу невыкарыстоўваемай камунальнай маёмасці за адну базавую велічыню, выпадкі яе продажу па такой цане без умоў або перадачу ў бязвыплатнае карыстанне. Прадугледжана таксама іх права вызваляць поўнасцю або часткова пакупнікоў ад штрафных санкцый за невыкананне ўмоў продажу. Гэта дасць магчымасць больш эфектыўна балансаваць інтарэсы мясцовых улад і патэнцыяльных інвестараў, упэўнены Дзмітрый Матусевіч. "Паколькі для дзяржаўных адносін важны не сам працэс, у каго маёмасць знаходзіцца, а важна, каб яна прыносіла карысць і не генерыравала страты", - дадаў ён.

Органы мясцовай улады будуць прыцягнуты і да пытанняў выкупу арандатарамі арэнднай маёмасці. Згодна з праектам указа прадугледжваецца магчымасць выкупу арэнднай маёмасці пасля трох гадоў добрасумленнай арэнды па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады.

Пасля абмеркавання праекта ўказа Прэзідэнт у цэлым адобрыў прапанаваныя падыходы і даручыў у бліжэйшы час дапрацаваць дакумент і ўнесці яму на разгляд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі